Расея, Кітай, Вэнэсуэла, Іран ды іншыя аўтарытарныя рэжымы зьяўляюцца асноўнымі парушальнікамі правоў чалавека, заявіў дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо ў Філядэльфіі, падчас прэзэнтацыі справаздачы Камісіі неад’емных правоў чалавека.
Пампэо адзначыў, што неад’емныя правы павінны адыгрываць ключавую ролю ня толькі ў амэрыканскім грамадзтве, але і ў замежнай палітыцы. Паводле дзяржсакратара, ЗША часьцяком служаць маяком надзеі для людзей, якія змагаюцца за свае правы. У якасьці прыкладу кіраўнік Дзярждэпартамэнту прывёў прадэмакратычныя пратэсты ў Ганконгу, калі ўдзельнікі акцый несьлі ў руках амэрыканскія сьцягі.
Разам з тым Пампэо раскрытыкаваў дзеяньні ўдзельнікаў забурэньняў у ЗША за апаганьваньне помнікаў падчас акцый Black Lives Matter.
Дзяржсакратар таксама раскрытыкаваў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Рада правоў чалавека ААН, па словах Пампэо, дзейнічае па ўказцы дыктатараў і закрывае вочы на абуральныя парушэньні правоў чалавека.
Пампэо падкрэсьліў, што ЗША, акрамя дапамогі іншым краінам, гатовыя прымяняць у дачыненьні да парушальнікаў правоў чалавека санкцыі.
ЗША абвясьцілі аб стварэньні Камісіі неад’емных правоў чалавека год таму. Паводле словах Пампэо, арганізацыя павінна дапамагчы Вашынгтону перагледзець ролю правоў чалавека ў амэрыканскай замежнай палітыцы.