Адміністрацыя Дональда Трампа адмовілася ад пляну, згодна зь якім дзясяткі тысяч замежных студэнтаў, чые ВНУ перайшлі на онлайн-навучаньне з прычыны пандэміі каранавірусу, былі б вымушаныя пакінуць краіну, піша «Голас Амэрыкі».
У Белым доме пацьвердзілі, што адмовяцца ад гэтага пляну ў сувязі зь вялікай колькасьцю судовых пазоваў, пададзеных унівэрсытэтамі. Аднак высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства ўнутранай бясьпекі заявіў, што адміністрацыя па-ранейшаму мае намер у наступныя некалькі тыдняў выдаць пастанову, якая тычыцца пытаньня аб тым, ці могуць замежныя студэнты заставацца ў Злучаных Штатах, калі іх навучаньне цалкам пераводзіцца ў онлайн-рэжым.
Пасьля таго, як стала вядома пра пляны Белага дому адклікаць візы ў часткі замежных студэнтаў, унівэрсытэты падалі цэлы шэраг судовых пазоваў, спрабуючы аспрэчыць плян адміністрацыі. Адзін з пазоваў быў пададзены Гарвардзкім унівэрсытэтам і Масачусэцкім тэхналягічным інстытутам, а яшчэ адзін — кааліцыяй уладаў некалькіх штатаў. Дзясяткі буйных кампаній, каледжаў і ўнівэрсытэтаў падалі ў суды экспэртныя думкі, якія падтрымліваюць гэтыя пазовы.
Кіраўніцтва Гарварду плянуе ў наступным навучальным годзе цалкам перавесьці ўсе заняткі ў рэжым онлайн. Прэзыдэнт Дональд Трамп, які настойвае на адкрыцьці ўсіх школаў ужо гэтай восеньню, назваў плян Гарвардзкага ўнівэрсытэту «недарэчным».
Унівэрсытэты сьцьвярджаюць, што дзеяньні адміністрацыі незаконныя і адмоўна адаб’юцца на акадэмічным працэсе.
7 ліпеня іміграцыйную і мытная паліцыя ЗША абвясьціла, што замежныя студэнты павінны будуць пакінуць ЗША, калі іх унівэрсытэт або каледж перайшоў на онлайн-навучаньне. У ведамстве адзначылі, што будуць адмаўляць у студэнцкіх візах, а тых, хто ня зьедзе з краіны, могуць выправадзіць.