Вярхоўны суд Латвіі адмяніў прынятае пазалетась рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі аб спагнаньні грашовай кампэнсацыі з расейска-латвійскай кампаніі LatRosTrans на карысьць ААТ «Гомельтранснафта Дружба».
Беларускае прадпрыемства спрабавала спагнаць з LatRosTrans 66,8 мільёна эўра кампэнсацыі за тэхналягічную нафту. Судовая цяжба цягнецца ад 2010 году.
Генэральны дырэктар ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Алег Барысенка заявіў, што LatRosTrans наўмысна спрабуе ціснуць на суд. Раней у латвійскіх СМІ зьявілася інфармацыя, што беларускі бок падаў «фальшывыя дакумэнты».
«LatRosTrans фактычна недвухсэнсоўна абвінаваціла ў некампэтэнтнасьці судовыя інстанцыі. Зразумела, што яны спрабуюць любымі спосабамі прыпыніць працэс і яшчэ больш зацягнуць час. Бо гаворка больш як пра 66 млн эўра», — сказаў Барысенка агенцтву Інтэрфакс.
Паводле ягоных слоў, беларускі бок лічыць грубай правакацыяй распаўсюджваньне ў мэдыях інфармацыі пра «фальшыўкі».
«Мы бачым толькі факт грубага ціску на суд і правакацыйнага ўплыву на яго рашэньне з боку LatRosTrans. Арыгіналы дакумэнтаў захоўваюцца ў нас і прадстаўляліся суду неаднаразова. І за гэтыя гады ніхто не запатрабоўваў іх для экспэртных дасьледаваньняў, бо ніякіх сумневаў яны не выклікалі», — заявіў Алег Барысенка.
У 2018 годзе Латгальскі акруговы суд пастанавіў спагнаць з LRT 66 млн 744 тыс. 966 эўра на карысьць кампаніі «Полацктранснафта Дружба» (яе правапераемнікам стала ААТ «Гомельтранснафта Дружба») у сувязі з выпампоўваньнем і продажам нафты, якая належала пазоўніку. Прадметам спрэчкі стала тэхналягічная нафта ў трубаправодах на ўчастках «Полацак — Вэнтсьпілс» і «Полацак — Біржай — Мажэйкяй».
«Полацктранснафта Дружба» заявіла аб праве ўласнасьці на ўвесь аб’ём сыравіны ў трубаправодзе і абвінаваціла латвійска-расейскую кампанію ў прычыненьні эканамічнай шкоды. Але Вярхоўны суд Латвіі ў задавальненьні пазову адмовіў.