Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сэсіі Эўрапарлямэнту сёньня ня раз прагучала «Жыве Беларусь!»


Сёньня на пленарнай сэсіі Эўрапейскага парлямэнту ў Брусэлі разглядалася сытуацыя ў Беларусі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году і рэпрэсіямі з боку рэжыму ў дачыненьні да незалежных кандыдатаў і звычайных грамадзянаў.

Першым у беларускім пытаньні выступіў эўрадэпутат зь Літвы Андрус Кубілюс:

«Пасьля 26 гадоў аўтарытарнага кіраваньня Лукашэнкі беларускі народ на ўвесь голас патрабуе рэальных зьменаў у сваёй краіне. І гэта можа адбыцца 9 жніўня на прэзыдэнцкіх выбарах. Сёньняшняя сытуацыя адрозьніваецца ад той, што была раней. Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што больш за 50% беларусаў хочуць рэальных зьменаў і толькі меншыня хоча, каб Лукашэнка застаўся.

Настрой у беларускім народзе нагадвае мне пра нашу балтыйскую „Сьпеўную рэвалюцыю“ 1990-х. Беларускія рок-гурты сьпяваюць папулярныя песьні супраць рэжыму. Прадстаўнікі культурнай эліты сьмела выступаюць на ютубе з антырэжымнымі заявамі. Блогеры ствараюць у інтэрнэце сапраўдныя сеткі супраціву».

Андрус Кубілюс заклікаў дэпутатаў паслаць тры ясныя і выразныя мэсыджы. Найперш грамадзянам Беларусі: «Мы салідарныя з вамі ў вашых патрабаваньнях зьменаў, і мы будзем абараняць ваша права вырашаць аб зьменах у вашай краіне, каб яна стала нармальнай эўрапейскай дэмакратычнай краінай». Другі — ясны мэсыдж Лукашэнку і яго намэнклятуры: калі 14 ліпеня, на наступным тыдні, улада не зарэгіструе апазыцыйных кандыдатаў, калі палітычныя вязьні і кандыдаты ня будуць выпушчаныя з турмы, калі людзям на вуліцах будуць пагражаць і перасьледaваць іх, — будуць уведзеныя пэрсанальныя санкцыі. Трэці ясны мэсыдж Кубілюс прапанаваў, каб дэпутаты адрасавалі самім сабе: «Мы мусім падняцца на абарону правоў нашых суседзяў».

Наступным выступіў польскі дэпутат Робэрт Бедрань, кіраўнік групы Эўрапарлямэнту для кантактаў зь Беларусьсю:

«На самай нашай мяжы, у сэрцы Эўропы наш суседні беларускі народ зноў пазбаўляюць фундамэнтальных правоў. Мы зь імі — Жыве Беларусь! Але наш мэсыдж прэзыдэнту Лукашэнку ясны i паўтораны ня раз: мы рашуча асуджаем жорсткі перасьлед і заклікаем да неадкладнага вызваленьня ўсіх несправядліва арыштаваных.

Лукашэнка ва ўладзе ўжо 26 гадоў, але амаль увесь гэты час палітычнае жыцьцё ў Беларусі выглядала замерлым. Цяпер гэта ня так. У гэтых абставінах ЭЗ павінен мець на ўзбраеньні стратэгічную і адказную палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Палітыку зь ясна вызначанымі чырвонымі рысамі і разумнымі абумоўленасьцямі».

Робэрт Бедрань заявіў, што чакае ад вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпа Барэля адказу на пытаньне: якая стратэгія Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі будзе апраўданай з улікам сёньняшняй і будучай сытуацыі? Калі такой стратэгіі няма, Бедрань заклікаў Барэля падрыхтаваць адпаведную пісьмовую заяву на працягу бліжэйшых тыдняў.

Яшчэ адзін дэпутат зь Літвы Пятрас Аўштравічус заявіў, што ў Беларусі цяпер назіраецца сыстэматычная імітацыя выбарчага працэсу з адзінай мэтай — працягнуць існаваньне аўтарытарнага рэжыму, які застаецца пры ўладзе ўжо тры дзесяцігодзьдзі.

«Аднак рэжым ня здолеў адэкватна ацаніць настроі беларускага народу. Публічная незадаволенасьць палітыкай уладаў вычарпала цярпеньне людзей, а зьяўленьне новых удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі абудзіла надзею на перамены, — сказаў Аўштравічус. — Беларускі рэжым захрас у мінуласьці. Каб захаваць уладу, ён працягвае палітыку рэпрэсіяў, запалохваньня, перасьледу і масавых арыштаў... Беларускі рэжым вярнуўся ў часы вязьняў сумленьня. Праз тры гады пасьля вызваленьня былы вязень сумленьня Мікалай Статкевіч зноў у турме. Іншаму апазыцыйнаму лідэру, Паўлу Севярынцу, толькі што падоўжылі тэрмін зьняволеньня».

Пятрас Аўштравічус заклікаў органы ЭЗ выпрацаваць усёабдымную стратэгію для Беларусі. Паводле яго, яна павінна базавацца на эўрапейскай пэрспэктыве, павазе да прынцыпаў сувэрэнітэту, дэмакратычнага кіраваньня, свабодных і справядлівых выбараў, плюралістычнага грамадзтва і міжнародных стандартаў ядзернай бясьпекі.

«Урэшце, Эўрапейскі Зьвяз мусіць зрабіць высновы з дачаснай адмены санкцыяў у 2016 годзе і пакінуць пытаньне санкцыяў адкрытым і трымаць яго пад пастаянным кантролем», — сказаў Аўштравічус і скончыў свой выступ лёзунгам: «Жыве Беларусь!».

Падсумоўваючы сёньняшнюю дыскусію, вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Барэль выказаў згоду з выступамі, якія прагучалі на сэсіі, і заявіў пра асуджэньне рэпрэсіяў і парушэньняў правоў чалавека з боку беларускага рэжыму.

«Што да Беларусі, я падзяляю вашы погляды на сытуацыю. Сытуацыя вельмі сур’ёзная. Нашы магчымасьці ўмяшаньня вельмі абмежаваныя, але мы робім усё магчымае, улічваючы інструмэнты, якія мы маем у сваім распараджэньні. Вядома, мы ўважліва сочым за падзеямі. Рада ў пытаньнях замежнай палітыкі разгледзіць гэта і ўжыве неабходныя захады», — заявіў Жузэп Барэль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG