Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці горшы Бабарыка за Лукашэнку, альбо Чаму беларусы заўжды шукаюць «руку Масквы»?


Віктар Бабарыка (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка
Віктар Бабарыка (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка

Сам па сабе факт, што ў крытычны момант беларускай гісторыі пэўная частка нацыянальна арыентаваных сілаў аказалася па адзін бок барыкад з рэжымам Лукашэнкі супраць большасьці грамадзтва — цікавы фэномэн.

Сьцісла:

  • Пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі і Зянона Пазьняка адносна Віктара Бабарыкі супалі.
  • Галоўная пагроза незалежнасьці палягае ва ўнутранай слабасьці дзяржавы, якой карыстаецца Расея.
  • Усе праблемы, якія аслабляюць беларускую дзяржаву, — гэта наступствы палітыкі рэжыму Лукашэнкі.
  • Асноўная юрыдычная падстава для прымушэньня Расеяй Беларусі да інтэграцыі — дамова аб «саюзнай дзяржаве», якую падпісаў Лукашэнка.
  • Намаганьні штучна канструяваць «руку Масквы» адлюстроўваюць вялікі комплекс нацыянальнай, дзяржаўнай непаўнавартасьці беларускага соцыюму.
  • Зьявілася цэлае пакаленьне людзей, якія не разумеюць, што такое рэальная палітыка.

Зянон Пазьняк чарговым разам прайшоўся па Віктару Бабарыку, а таксама Валеру Цапкалу, раскрытыкаваў тэзу «Абы не Лукашэнка». Раней ён катэгарычна заявіў, што «на сёньняшні дзень Бабарыка ёсьць патэнцыйна больш шкодны вораг беларускай нацыі, чым Лукашэнка». І калі меркаваць па дыскусіях у Фэйсбуку, у такога пункту гледжаньня нямала прыхільнікаў.

Дарэчы, менавіта такі мэсыдж прапануе і дзейная ўлада. Лукашэнка выступае ў вобразе абаронцы незалежнасьці, абвінавачваючы сваіх апанэнтаў, што яны расейскія агенты. Невыпадкова міністар замежных спраў Уладзімер Макей высока ацаніў пазыцыю Зянона Пазьняка.

Паколькі Віктара Бабарыку, хутчэй за ўсё, не зарэгіструюць кандыдатам у прэзыдэнты, то, думаю, у практычным пляне гэтая тэма праз кароткі час стане неактуальнай. Але сам па сабе факт, што ў крытычны момант беларускай гісторыі пэўная частка нацыянальна арыентаваных сілаў аказалася па адзін бок барыкад з рэжымам Лукашэнкі супраць большасьці грамадзтва — цікавы фэномэн, які заслугоўвае сур’ёзнага аналізу. Не прэтэндуючы на яго, прапаную некаторыя развагі.

Што насамрэч пагражае незалежнасьці Беларусі? Для значнай часткі палітызаванай публікі адказ відавочны: канечне, Расея.

Але я б гэты адказ сфармуляваў трохі інакш. Галоўная пагроза незалежнасьці палягае ва ўнутранай слабасьці дзяржавы, якой карыстаецца Расея.

Слабасьць жа вынікае найперш зь неэфэктыўнай эканомікі, дэфэктыўнасьці беларускай сацыяльнай мадэлі. З гэтай прычыны беларускім уладам даводзіцца ўвесь час вымольваць у Расеі льготныя цэны на газ і нафту, што дае падставы Маскве для моцнага ціску на Беларусь. Вось цяпер урад ліхаманкава вырашае праблему, дзе пазычыць валюты, каб сплаціць замежны доўг. А крэдыторы, як вядома, выстаўляюць умовы, што абмяжоўвае сувэрэнітэт краіны.

Затым — глыбокі раскол, востры ўнутраны канфлікт, які цяпер, падчас выбарчай кампаніі выплюхнуўся на паверхню, таксама спараджае ўнутраную слабасьць дзяржавы. (Тут я пагаджуся зь Яўгенам Прэйгерманам.)

Нарэшце, слабая нацыянальная ідэнтыфікацыя беларускага соцыюму дае спажыву для праекту «русского мира». (Дарэчы, тут я ня згодзен зь Віктарам Бабарыкам, што спачатку трэба ўмацаваць эканоміку, а ўсё астатняе — потым. Гэтыя пытаньні трэба вырашаць паралельна).

Усе гэтыя праблемы — наступствы палітыкі рэжыму Лукашэнкі. І пакуль ён ва ўладзе, вырашыць іх немагчыма.

Асноўная юрыдычная падстава для прымушэньня Расеяй Беларусі да інтэграцыі — дамова аб «саюзнай дзяржаве». Нагадаю, хто забыў: яе падпісаў Лукашэнка ў 1999 годзе. На парадку дня беларуска-расейскіх перамоваў цяпер 31 «дарожная мапа» па эканамічнай інтэграцыі. Узгоднена 27 ці 28 зь іх. 31-я мапа прадугледжвае пераход на адзіную валюту, стварэньне наднацыянальных органаў улады. Гэта ўсім вядомыя факты, але нехта пра іх ужо забыўся.

А Віктар Бабарыка якраз прапануе стварыць эфэктыўную эканамічную мадэль, здольную абысьціся без расейскіх ільготаў. Да таго ж ён вельмі скептычна паставіўся да праекту «саюзнай дзяржавы».

Акрамя таго, ня ўлічваецца такая акалічнасьць. Адхіліць Лукашэнку ад улады магчыма толькі ў выніку народнай рэвалюцыі. А пасьля рэвалюцыі гэта будзе зусім іншая краіна, хто б там ні стаў прэзыдэнтам. Дарэчы, Бабарыка прапануе вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году. І нацыянальна-дэмакратычныя сілы (як і іншыя) нарэшце атрымаюць права голасу, у іх зьявіцца рэальны ўплыў на прыняцьце палітычных рашэньняў.

Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі мы назіраем цікавы парадокс. Гэтая прэзыдэнцкая кампанія, здаецца першая ў беларускай гісторыі (хіба што можна параўнаць з 2015 годам), калі ўмяшаньне вонкавых сілаў у справы Беларусі мінімальнае. І Расея, і Захад нібы кажуць: мы даём беларусам самім вырашаць свой лёс.

Аднак, нягледзячы на гэта, з розных палітычных флянгаў робяцца вялікія намаганьні, каб штучна сканструяваць «руку Масквы». Спачатку Лукашэнка абвінавачвае Расею, што яна падтрымлівае ягоных апанэнтаў. З другога боку, частка нацыянальна-арыентаваных сілаў таксама назвала Бабарыку агентам Масквы.

То бок атрымліваецца, што частцы палітычнай клясы Беларусі неяк нават няўтульна ад таго, што ніхто ня ўмешваецца, што беларусаў пакінулі сам-насам са сваімі праблемамі. Маўляў, як гэта палітычны працэс у Беларусі можа адбывацца без удзелу Расеі? Гэта ж немагчыма сабе ўявіць, такога ня можа быць!

Вось такі расеецэнтрызм беларускай палітызаванай публікі адлюстроўвае вялікі комплекс нацыянальнай, дзяржаўнай непаўнавартасьці беларускага соцыюму.

І яшчэ. Чвэрць стагодзьдзя, як у Беларусі зьнікла рэальная палітыка. Зьявілася цэлае пакаленьне людзей, якія не разумеюць, што гэта такое. Адсюль такая дзіўная пазыцыя: калі няма ідэальнага кандыдата, то няхай застаецца Лукашэнка. А людзі, якія жывуць у краінах з разьвітым палітычным жыцьцём, разумеюць, што ідэальных палітыкаў і ідэальнай сытуацыі не бывае. Рэальная палітыка — гэта пастаянны кампраміс.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG