Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб абвясьціў аб увядзеньні санкцый супраць дзяржаваў, якія парушаюць правы чалавека — Саудаўскай Арабіі, Расеі, М’янмы і Паўночнай Карэі.
Абвешчаныя ў панядзелак брытанскім урадам меры ўключаюць, у прыватнасьці, забарону на паездкі пэўных грамадзян гэтых дзяржаў у Вялікую Брытанію. Такім чынам, Лёндан упершыню пасьля Брэксіту прадэманстраваў самастойную рашучасьць караць тых асобаў і тыя арганізацыі, якія нясуць адказнасьць за парушэньні правоў чалавека, адзначае брытанская Guardian.
Брытанскі ўрад імкнецца да ўмацаваньня сваёй ролі ў сьвеце, заявіў Рааб у парлямэнце. «Тыя, хто робіць самыя цяжкія парушэньні правоў чалавека, будуць адказваць за свае дзеяньні», — сказаў кіраўнік брытанскага МЗС.
Санкцыі ўжытыя адносна тых, хто парушае права на жыцьцё, права на свабоду, тых, хто ўжывае катаваньні і практыкуе рабства. Санкцыі будуць накіраваныя ня толькі на тых, хто непасрэдна парушае правы чалавека, але і на тых, хто атрымлівае выгаду ад гэтых парушэньняў, падкрэсьліваюць у Лёндане.
«Тыя, у каго рукі ў крыві... ужо ня змогуць танцаваць вальс у гэтай краіне, набываць уласнасьць на Кінгз-роўд, рабіць калядныя пакупкі ў раёне Найтсбрыдж або адмываць брудныя грошы ў брытанскіх банках», — заявіў Рааб.
У сьпісе расейскіх грамадзян, якія падпадаюць пад новыя брытанскія санкцыі, ёсьць і імя старшыні Сьледчага камітэту РФ Аляксандра Бастрыкіна.
Поўны сьпіс асобаў, якія трапілі пад санкцыі, апублікаваны на сайце Міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі. У ім значацца 25 расейцаў. Санкцыі ўступаюць у сілу неадкладна, паведамляе ВВС.
У мінулым урад толькі рабіў заявы аб сваёй «крайняй занепакоенасьці» той ці іншай падзеяй — ці гэта была сьмерць у Расеі бізнэсоўца Сяргея Магніцкага, ці забойства саудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы, сказаў Біл Браўдэр, адзін з галоўных лабістаў «закону Магніцкага». Увядзеньне санкцыяў ён назваў перамогаю.