Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Украіны дазволіў скарачаць тэрмін ізаляцыі для грамадзян, якія прыехалі зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Камунальнік дэзінікуе пад'езд жылога дома ў Кіеве, 7 красавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Камунальнік дэзінікуе пад'езд жылога дома ў Кіеве, 7 красавіка 2020 году

Для гэтага ва Ўкраіне ў сэртыфікаваных цэнтрах патрэбна прайсьці тэст на каранавірус.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Украіна зьмякчыла правілы ўезду на сваю тэрыторыю для грамадзян краін «чырвонай зоны» з высокімі паказчыкамі пашырэньня каранавірусу, у якую ўключаная і Беларусь.

Цяпер ва Ўкраіну могуць вольна ўяжджаць грамадзяне краін Эўразьвязу — Чэхіі, Польшчы, Румыніі, Баўгарыі і іншых.

У пералік краін «чырвонай зоны» ўваходзяць Беларусь, Расея, Вялікая Брытанія, Швэцыя, Армэнія, ЗША, Бэльгія, Нідэрлянды, ААЭ, Гішпанія, Малдова, Францыя, Канада, Італія і інш.

У «чырвоную зону» ўключаныя тыя дзяржавы, у якіх колькасьць актыўных выпадкаў захворваньня на COVID-19 складае больш як 40 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. У Беларусі гэты паказчык на 1 ліпеня складае 153,83.

Што трэба для ўезду ва Ўкраіну?

Беларусы цяпер могуць ехаць ва Ўкраіну на асабістым аўтатранспарце празь пяць пунктаў пропуску або на самалёце. Пры гэтым трэба мець з сабою дзейны пашпарт, мэдычную страхоўку, а ва Ўкраіне прайсьці ізаляцыю.

Як дзейнічае ізаляцыя?

Згодна з правіламі беларусы перад уездам на ўкраінскі пункт пропуску абавязаныя запамапаваць на свой смартфон дадатак «Дій вдома» (крыху больш за 13 МБ) — гэта сыстэма кантролю выкананьня абавязкаў па самаізаляцыі на 14 дзён. Для гэтага патрэбны нумар украінскага мабільнага апэратара.

На беларускім нумары скарыстацца гэтым дадаткам ня выйдзе. У гэтым выпадку замест самаізаляцыі замежніка накіруюць у месца, якое вызначаць мясцовыя ўлады. Усе выдаткі, зьвязаныя і з ізаляцыяй, і з самаізаляцыяй, будзе аплачваць сам іншаземец.

Пры выбары самаізаляцыі ўжо на мяжы трэба паведаміць памежнікам дакладны адрас, па якім іншаземец будзе знаходзіцца бліжэйшыя 14 дзён.

Ізаляцыю можна скараціць, калі прайсьці тэст

На апошнім пасяджэньні ўрад Украіны дазволіў іншаземцам скарачаць час самаізаляцыі пры ўмове праходжаньня тэсту. Як патлумачыў 1 ліпеня міністар аховы здароўя Ўкраіны Максім Сьцяпанаў, гэты тэст грамадзяне замежных краін павінны праходзіць за свой кошт у вэрыфікаваных цэнтрах і лябараторыях Украіны дзяржаўнай ці прыватнай уласнасьці.

«Калі тэст адмоўны, гэтая лябараторыя паведамляе Цэнтру грамадзкага здароўя, і той выключае такога іншаземца з дадатку „Дій вдома“», — дадаў міністар.

Каранавірус ва Ўкраіне

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ва Ўкраіне зарэгістравана 44 998 выпадкаў захворваньня на COVID-19. Зь іх 1173 аказаліся сьмяротныя, а 19 548 пацыентаў пераадолелі хваробу. За мінулыя суткі зафіксавалі 664 новыя выпадкі інфікаваньня.

За апошні месяц паказчык захворвальнасьці ва Ўкраіне на COVID-19 павялічыўся да 58 на 100 000 насельніцтва. Пры гэтым застаецца даволі нізкім паказчык выкарыстаньня апаратаў ШВЛ — 6,5%.

Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю ў ноч на 16 сакавіка, і толькі ў чэрвені памежны рух часткова аднавіўся. https://www.svaboda.org/a/30675903.html

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG