Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы лябаранты п’юць гэтую ваду і разам з жыхарамі кватэр абмяркоўваюць якасьць вады». Чым скончыўся водны крызіс у Менску


У «Менскводаканале» паведамілі, што прычыну забруджваньня пітной вады ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Менску дагэтуль не знайшлі, вядзецца сьледзтва і ўнутранае расьсьледаваньне.

На прадпрыемстве пакуль не перайшлі на штатны рэжым працы.

Чаму ўжо больш за тыдзень не знайшлі прычыну забруджаньня вады?

«Гэта важна, і мы, як і ўсе астатнія, зацікаўленыя ў тым, каб даведацца пра сапраўдныя прычыны таго, што адбылося, і зрабіць усе захады, каб пазьбегнуць нечага падобнага ў будучым. Гэта жахлівая няштатная сытуацыя. Пакуль няма пацьверджанай вэрсіі, якую мы маглі б выдаць як афіцыйную», — сказала начальнік аддзелу арганізацыйнай працы Сьвятлана Асядоўская.

Якія рэчывы маглі трапіць у пітную ваду?

У санітарна-эпідэміялягічнай службе Менску карэспандэнту Свабоды сказалі, што гэтую інфармацыю трэба запытваць у «Менскводаканалу». Аднак у «Менскводаканале» сьцьвярджаюць, што, згодна з аналізамі, на самым пачатку паказчыкі былі перавышаныя толькі па паху. А адкуль узяўся той пах, пакуль ня ясна.

«Усе астатнія паказчыкі былі ў норме. Нічога не было знойдзена. У гэтых пробах няма ніякіх адхіленьняў, апроч паказчыка паху. Апошнія пару дзён мы на сайце выкладваем пробы як яны ёсьць, як нам выдае наша хіміка-бактэрыялягічная лябараторыя».

Маніторынг якасьці вады вядзецца ня толькі лябараторыяй «Менскводаканалу», але і санітарна-эпідэміялягічнай службай, якая самастойна адбірае пробы. З 27 чэрвеня ўсе забароны на спажываньне вады для піцьця і гатаваньня ежы зьнятыя. І забараняла, і дазваляла піць ваду санітарна-эпідэміялягічная служба. Першыя скаргі на няякасную ваду паступілі 24 чэрвеня.

Але чаму так позна сказалі, што піць ваду нельга?

«Мы апэратыўна адрэагавалі на звароты грамадзян і зрабілі комплекс захадаў, каб выправіць сытуацыю. На падставе перавышэньня паху ў аналізах санітарна-эпідэміялягічная служба забараніла піць ваду ў ноч з 24 на 25 чэрвеня. Як толькі мы атрымалі гэтую забарону, мы яе разьмясьцілі на афіцыйным сайце прадпрыемства і на старонцы ў фэйсбуку, разаслалі ў СМІ. Таму я не скажу, што позна. Гэта было зроблена своечасова. Забараніць піць ваду раней у нас не было ні магчымасьцяў, ні паўнамоцтваў».

«Бяром пробы і нават запісваем гэтыя пробы на відэа»

«Менскводаканал» прамыў магістральныя і дамавыя сеткі. У выніку пах, паводле спэцыялістаў, вярнуўся да нормы.

«Цяпер мы выяжджаем на тысячныя звароты, бяром пробы і нават запісваем гэтыя пробы на відэа. Нашы спэцыялісты хіміка-бактэрыялягічнай лябараторыі выяжджаюць па зваротах грамадзян і разам з гэтымі грамадзянамі бяруць пробы ў адмысловую тару, ацэньваюць пах на месцы, ацэньваюць смакавыя якасьці, нашы лябаранты пʼюць гэтую ваду і разам з жыхарамі кватэр абмяркоўваюць якасьць вады. Гэты комплекс мер прынёс свае вынікі, і цяпер грамадзяне зьвяртаюць увагу на нейкія рэшткавыя пахі».

Цыстэрны з вадой пакінулі для зьняцьця стрэсу

Як сказалі ў «Менскводаканале», людзі ўсё яшчэ асьцерагаліся і прасілі выставіць бочкі з вадой. Таму аўтацыстэрны езьдзілі па горадзе толькі «дзеля падстрахоўкі».

«Гэта не азначае, што недзе зь якасьцю пітной вады нешта ня так. Гэта была стрэсавая сытуацыя для ўсіх, таму пэўны час мы захоўвалі падвоз пітной вады».

Адкуль паступае вада і ці можна замяніць яе на артэзіянскую?

Пытаньне пераводу Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў на артэзіянскую ваду зноў стала актуальным у зьвязку зь цяперашнім крызісам зь пітной вадой у Менску. Пакуль гэтыя раёны карыстаюцца Вялейскім вадасховішчам. Вада паступае па канале Вялейска-Менскай воднай сыстэмы ў рэзэрвовае вадасховішча Крылава (рэжымны закрыты абʼект), адкуль па трох 17-кілямэтровых вадаводах падаецца на ачышчальную водаправодную станцыю.

Часта жыхары скардзяцца на пах хлёру, але раней на «Менскводаканале» абяцалі, што ваду будуць абеззаражваць новым рэагентам — гіпахлярытам натрыю, і непрыемны прысмак зьнікне. Аднак пакуль перавод на гіпахлярыт натрыю не завершаны.

У кіраўніцтве «Менскводаканалу» кажуць, што ўвесь Менск перавядуць на артэзіянскія сьвідравіны да 2025 году. Водазаборы абяцалі пабудаваць на тэрыторыі Пухавіцкага і Дзяржынскага раёнаў.

«Менск павінны былі перавесьці на ваду з артэзіянскіх сьвідравін да 2018 году​»

Прадстаўнік грамадзкай ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына» Дзяніс Садоўскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што цяперашні крызіс зь пітной вадой павінен быў стрэліць рана ці позна.

Дзяніс Садоўскі
Дзяніс Садоўскі

«Парлямэнт ухваліў праграму „Чыстая вада“, па якой Менск павінны былі перавесьці на ваду з артэзіянскіх сьвідравін да 2018 году. Былі выдзеленыя грошы, у тым ліку частка эўрапейскіх. Нібыта працы пачаліся, але за два гады да меркаванай здачы ўсё згарнулі, сказалі, што гэта эканамічна немэтазгодна, і працы прыпынілі.

Сказалі, што будуць працаваць у тым кірунку, каб ваду зь Вялейскага вадасховішча прывесьці да стандарту. Але яе трэба моцна ачышчаць. А ачышчаюць у нас хлёрыстым рэагентам. Таму гэтая вада горшай якасьці параўнальна з артэзіянскай, яна мае пах. А ўлетку, калі вада цьвіце, яе якасьць яшчэ больш пагаршаецца, таму яе трэба больш хляраваць.

Яны вырашылі ўсё перавесьці на новыя тэхналёгіі, каб ачышчаць ня хлёркай, а іншым рэагентам, не такім шкодным. Апошняя інфармацыя, якую мы атрымалі ад дырэктара водаканалу, — што большая частка сыстэмы пераведзеная менавіта на гэтую новую тэхналёгію ачышчэньня, і, маўляў, цяпер праблема з вадой не такая актуальная. Хоць мы як карыстальнікі (я жыву ў Фрунзенскім раёне) ніякага паляпшэньня не заўважалі».

«У сьвеце гэта называецца тэхналягічнай вадой, і ніхто яе ня пʼе»

Што адбылося гэтым разам з вадой, невядома. У афіцыйных СМІ паведамлялася, нібыта з аднаго з вадаводаў, які перад гэтым стаяў на рэканструкцыі, пайшла вада горшай якасьці. Паводле Дзяніса Садоўскага, праблема з вадой застаецца тая самая.

«Яшчэ з савецкіх часоў засталася гэтая сыстэма Вялейскага вадасховішча, зь якой атрымліваюць ваду два гэтыя раёны. Вада патрабуе большай ачысткі, чым вада з артэзіянскіх сьвідравін, і яна больш схільная да пагаршэньня якасьці, бо яна на паверхні. І гэтая праблема павінна была некалі зьявіцца, калі дапусьцілі нейкую памылку. Калі такое можа паўтарыцца, таксама невядома. Артэзіянская вада пастаянная, яна не патрабуе кантролю і такой колькасьці хлёркі. У сьвеце з адкрытых вадасховішчаў амаль ніхто ваду людзям не падае, гэта называецца тэхналягічнай вадой, і, прынамсі, яе ніхто ня пʼе. А ў нас лічыцца, што ўсё нармальна».

Паводле Дзяніса Садоўскага, цяперашнія стандарты якасьці вады не адпавядаюць эўрапейскім, яны «проста падагнаныя пад тую якасьць вады, якую могуць даць зь Вялейскага вадасховішча, таму праблема ня вырашаная».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG