Як арганізавана праца ў Менскім гарадзкім водаканале? Як разьмяркоўваецца адказнасьць і як ён стаў закладнікам сыстэмы? Пра гэта Свабодзе расказала Ірына Ланько, якая працавала намесьніцай кіраўніка ачышчальных забудоваў «Менскводаканалу», чатыры гады таму пайшла адтуль і цяпер жыве ў Празе і займаецца навуковай працай.
Ірына тлумачыць, чаму яна гэта зрабіла, а таксама падкрэсьлівае, што ня ведае, што здарылася ў Менскім гарадзкім водаканале цяпер, але ёй ёсьць што сказаць пра тое, як працуе сама сыстэма.
Сьцісла
- Мне, былой супрацоўніцы, сорамна, што УП «Менскводаканал» не папярэдзіў сваіх кліентаў пра нават магчымую небясьпеку, а адпісаўся. Як адпісваюцца ўсе ў нашай краіне.
- Ачышчальныя забудовы сьцёкавых водаў — гэта да мільёна кубамэтраў вады, якія праходзяць цягам 12 гадзін розныя этапы ачышчэньня: ад мэханічнага да біялягічнага.
- Пакуль «Менскводаканал» ня будзе мець паўнамоцтваў кіраваць сваёй дзейнасьцю, ня будзе ў жыхароў Менску адэкватных адказаў на пытаньні і ня будзе ў супрацоўнікаў водаканалу магчымасьці абараніць сябе.
- Няслушнае разьмеркаваньне адказнасьці й паўнамоцтваў, частая ратацыя кадраў, заціснутасьць паміж грамадзтвам і ўладай, адсюль і закрытасьць, адсутнасьць любой інфармацыі...
- Водаканальцам гэтая падтрымка патрэбна сёньня як ніколі раней, бо я ведаю: сярод тых, хто ўвечары здымае камізэльку з надпісам УП «Менскводаканал», шмат хто становіцца побач з суседзямі ў тую самую чаргу па ваду...
«Ня ведала, што за вядро здохлай рыбы ў рэчцы супрацоўнік водаканалу можа трапіць за краты»
— Я не знаходжуся непасрэдна ў беларускай прасторы ўжо чацьвёрты год і столькі ж часу не працую ў «Менскводаканале». І, нягледзячы на ўсё гэта, да мяне ўпершыню зьвярнуліся па камэнтар аб сытуацыі, якая склалася з забесьпячэньнем пітной вадой цалкам ці часткова ў чатырох раёнах Менску. Я адразу вырашыла, што не магу і ня буду камэнтаваць гэтую сытуацыю, бо гэта неэтычна з прычын, названых у першых двух сказах. Але мне ёсьць што вам сказаць.
Вывучэньнем вады я пачала займацца з 2003 году, калі паступіла на першы курс адпаведнай спэцыяльнасьці БНТУ. Да моманту, калі я прыйшла працаваць на Менскі водаканал, я мела скончаныя дзьве магістратуры: над першай працавала на ФЭБ, БНТУ, над другой — у рамках міжнароднай праграмы.
Калі мне прапанавалі пайсьці на Менскі водаканал вядучым інжынэрам-тэхнолягам менскіх ачышчальных забудоваў, я ня спала двое сутак, бо баялася, што ня спраўлюся, бо прыкладна ўяўляла памер адказнасьці за якасьць ачышчанай сьцёкавай вады на штодзённай аснове. Прыкладна ўяўляла, але ня ведала, што за вядро здохлай рыбы ў рэчцы супрацоўнік водаканалу можа трапіць за краты. Бо прынцып прэзумпцыі невінаватасьці проста не працуе.
І ўсім нейкім чынам аднекуль вядома, што водаканал жудасна забруджвае рэчку Сьвіслач: «Водаканал зьлівае ядахімікаты ў Сьвіслач, таму рыба дохне», — на ўласныя вочы бачыла ў інтэрнэце падобныя камэнтары на форуме рыбакоў, якія вудзяць рыбу ўніз па рэчцы. І што калі гэта не віна водаканалу, то менавіта сам водаканал і павінен знайсьці і паказаць пальцам на таго, хто вінаваты, і даказаць віну апошняга.
«Нацыянальны фонд, прызначаны на захады ў ахове навакольнага асяродзьдзя, чамусьці быў ліквідаваны»
— Ачышчальныя забудовы сьцёкавых водаў — гэта да мільёна кубамэтраў вады, якія адначасова знаходзяцца ў вялікіх жалезабэтонных збудаваньнях і праходзяць на працягу 12 гадзін розныя этапы ачышчэньня: ад мэханічнай да біялягічнай (ня хіміка-біялягічнай, а выключна біялягічнай). Што цяжэй з пункту гледжаньня эксплуютацыі й стварэньня ўмоваў якаснай працы біялягічнага працэсу.
А тое, што рэчка Сьвіслач, якая напалову складаецца са сьцёкавых водаў, ачышчаных да дапушчальных паказьнікаў (яны, дарэчы, ня надта адрозьніваюцца ад эўрапейскіх), часам не спраўляецца нават з дазволенымі рэшткамі забруджваньня сама, гэта досыць натуральна, і яе раз на 50 гадоў нядрэнна было хаця б пачысьціць. А гэта ўжо вялізныя дадатковыя выдаткі, ня кажучы пра больш комплексныя захады. Але ж, напрыклад, нацыянальны фонд, прызначаны на ахову навакольнага асяродзьдзя, чамусьці ліквідавалі.
Больш за тое, важна адзначыць, што й паказьнікі забруджаньня ў сьцёках, якія прыходзяць на ачышчальныя забудовы, растуць з году ў год з розных прычынаў.
Паразважаўшы, я зразумела адну акалічнасьць, што пакуль «Менскводаканал» самастойна ня будзе несьці адказнасьць за водазабясьпячэньне і водаадвядзеньне, а таксама мець усе паўнамоцтвы кіраваць сваёй дзейнасьцю, ня будзе ў вас, жыхары Менску, адэкватных адказаў на вашыя пытаньні, і ня будзе ў іх, супрацоўнікаў водаканалу, магчымасьці сказаць сваё слова й абараніць сябе й сваю прафэсійную годнасьць.
Прыйшоў час за сябе пастаяць?
— Можа, прыйшоў час за сябе пастаяць? І нават не ў такой сытуацыі, што адбываецца сёньня, а насуперак таму, што адбываецца ў водаканале і вакол яго.
Яшчэ адзін маленькі прыклад. Калісьці ў сьнежні я вярталася дадому недзе а палове на дванаццатую ночы. І калі ішла праз двор шматпавярховіка, пачула нейкія галасы: нягучныя, але ўпэўненыя й заклапочаныя. Паглядзела па баках і пабачыла блакітную «аварыйку». І заўважыла, як бяжыць вада ля ног па асфальце — водаканальцы-аварыйнікі, хутчэй за ўсё, ліквідоўвалі працёк, працавалі ў цемры й у халоднай вадзе ў сьнежні, бо яны, таксама як і дактары, «ведалі, куды ішлі», каб раніцай людзі падняліся й атрымалі свае паслугі, каб нават ніхто і не заўважыў, што нешта адбылося.
Як кажа мой нямецкі калега па дактарантуры, які працуе над пытаньнямі сацыяльнымі, эканамічнымі і часткова тэхнічнымі ў дачыненьні да ачысткі сьцёкавых водаў: «Дзіўна — непрыкметная, але жыцьцёва неабходная праца водаканальцаў ва ўсім сьвеце ўспрымацца як нешта належнае». А ў Беларусі гэтая праца вельмі часта яшчэ й зьневажальная, бо Менскі водаканал — цалкам дзяржаўная структура, падпарадкаваная гораду. Адсюль няслушнае разьмеркаваньне адказнасьці й паўнамоцтваў, і ўнутры водаканалу таксама, частая ратацыя кадраў, заціснутасьць паміж грамадзтвам і ўладай, адсюль і закрытасьць, адсутнасьць любой інфармацыі, бо, як здаецца зь першага погляду, гэта ёсьць адзіным сродкам абароны сябе самога ў сёньняшняй рэчаіснасьці.
Пра складанае стаўленьне з боку дзяржаўных інстытутаў у дачыненьні да гарадзкога водаканалу я магу апавядаць гадзінамі, пачынаючы ад мільёнаў узгадненьняў самых розных праектаў, тарыфаў на паслугі, ключавых паказьнікаў у камітэтах, міністэрствах, выканкаме — якія супрацоўнікі водаканалу вельмі хочуць (бо якасьць паслуг палепшыцца, а значыць, ім самім стане лягчэй і больш прыемна працаваць), але ня могуць атрымаць, бо некаторыя чыноўнікі часта баяцца паставіць свае подпісы, адпраўляюць у іншыя інстанцыі, і праца зацягваецца на месяцы, да праверак КДК раз на некалькі гадоў, калі амаль усе інжынэрныя супрацоўнікі водаканалу ходзяць на размовы па адным, як школьнікі да дошкі. Мала прыемнага, скажу я вам.
«Я заўсёды ганарылася і буду ганарыцца, што я працавала ў „Менскводаканале“»
— Яшчэ шмат чаго можна сказаць, але акцэнт сёньня на іншым.
1. Сёньня мне, былой супрацоўніцы, сорамна, што «Менскводаканал» апэратыўна, наколькі мог, не папярэдзіў сваіх кліентаў, жыхароў гораду, перад якімі павінен трымаць адказ, якія даверылі яму важную справу — забясьпечыць жыцьцё людзей якаснай пітной вадой у вялікім горадзе, пра нават магчымую небясьпеку, а адпісаўся. Як адпісваюцца ўсе ў нашай краіне. Менскі гарадзкі водаканал не абараніў жыхароў гораду словам. У гэтым выпадку размова пра сумленьне і годнасьць чалавечую. І мне за гэта сорамна.
Сорамна мне яшчэ і таму, што я заўсёды ганарылася й буду ганарыцца, што я працавала ў Менскім гарадзкім водаканале. Успамінаю, калі я кожную раніцу больш за гадзіну ехала на працу грамадзкім транспартам, глядзела на людзей і думала, што я раблю для іх нешта карыснае, для іх усіх адначасова! І гэта было менавіта тое, што падштурхоўвала мяне не кідаць, а рабіць сваю працу далей, хоць я таксама спачатку да канца «ня ведала, куды прыйшла», бо, калі б мне хто расказаў, што мяне чакае, ці пайшла б?!
2. І мне горка, бо водаканал сам апынуўся закладнікам сыстэмы, небеспадстаўна й не без уласнай віны.
3. Але я так гавару, бо я бачу, што людзі, жыхары гораду, нягледзячы ні на што, гатовыя слухаць і чуць, гатовыя разумець, гатовыя ісьці насустрач, гатовыя падтрымліваць адзін аднаго. На маю думку, водаканальцам гэтая падтрымка патрэбна сёньня як ніколі раней, бо я ведаю: сярод тых, хто ўвечары здымае камізэльку з надпісам УП «Менскводаканал», шмат тых, хто становіцца побач з суседзямі ў тую самую чаргу па ваду...
Будзьце больш адкрытымі, расказвайце пра сябе, абараняйце тых, для каго працуеце, і яны абароняць вас.
Я ня ведаю, што здарылася ў Менскім гарадзкім водаканале. Я ўжо чацьвёрты год не працую ў УП «Менскводаканал». Але за досьвед вельмі ўдзячная. Пасьля працы там ніякі новы выклік мне ня страшны.
І яшчэ. Менскі гарадзкі водаканал (непасрэдна менавіта водаправод) функцыянуе ад 1874 году. І толькі апошнія 26 са 146 гадоў ва ўмовах дыктатуры. Але не дыктатура забясьпечвае больш за 2 мільёны жыхароў гораду вадой 146 гадоў запар, і не дыктатура вырашае праблемы за ноч... Дыктатура, найперш, гэтыя праблемы стварае. Якім чынам — глядзіце вышэй.