Калі верыць кіраўніку дзяржавы, то ў Беларусі ёсьць нейкія „нацмэны“. Яны ўзбуджаюцца, адмарожваюцца, а ўрэшце аддаюць тэрыторыю краіны Захаду. Што азначае слова „нацмен“ у лексыконе расейскіх шавіністаў і жаргоне расейскай турмы? Чаму згаданы прамоўца яго ўжывае ў гутарках з расейскімі журналістамі?
Сьцісла:
- Вядомы экспэрт у гісторыі абінаваціў нейкіх „нацмэнаў“ у тым, што яны ваявалі за незалежную Беларусь.
- Але ж правільна казаць не „нацмэны“, а „нацмены“.
- Гэта расейскае слова, саветызм, які спачатку азначаў прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў у Расеі і СССР.
- Пасьля пачатку сталінскай палітыкі прыярытэту расейскай нацыі слова „нацмен“ стала абразьлівай мянушкай нерасейскіх народаў — як „азер“ або „чурка“.
- Сынонімы слова „нацмен“ — „инородец“, „нерусский“, тыя, хто нясе пагрозу імпэрыі. Гэта слова зь лексыкону расейскіх шавіністаў.
- Згаданы прамоўца рэгулярна называе беларускіх незалежнікаў „нацмэнами“ перад расейскай аўдыторыяй, пасылаючы ёй сыгнал: я свой.
У Салігорску перад так званым „актывам“ (выцягнутае зь небыцьця сталінскае слова) выступіў вядомы экспэрт у геапалітыцы і гісторыі. Ён запатрабаваў паказаць мапу вынікаў Рыскага падзелу Беларусі паміж Масквой і Польшчай, калі Беларуская ССР засталася ў складзе шасьці паветаў (уся астатняя ўсходняя частка этнаграфічнай Беларусі адышла да РСФСР). І пракамэнтаваў, кпліва акцэнтуючы беларускія словы:
Это наши нацмэны с 1921 года воевали за „незалежную Беларусь“. За какую? Вот за это — от Борисова туда до „Мазыра“. Все остальное разменяли и отдали Западу, Польше. Что-то там на востоке было, у России.
Ня будзем тут разьбірацца, ці лічыць „незалежнай Беларусьсю“ лапік („клочок“, як выражаецца наш герой), які пакінулі беларусам як буфэрную недадзяржаву маскоўскія бальшавікі, забыўшыся на свае ж шчодрыя абяцанкі савецкай Беларусі ў этнаграфічных межах (дадзеныя ў 1919 годзе ў піку БНР). Тут нашаму прафэсійнаму гісторыку і яго эмацыйнаму гістарычнаму дарадцу відней. Але хто ж такія „нацмэны“, якія „ваявалі“ за такую Беларусь?
Мо гэта нешматлікія рамантычныя нацыянал-камуністы Зьмітро Жылуновіч ды іншыя, якія ваявалі хіба што ў пераносным сэнсе — пераконвалі камуністычнае начальства ў Маскве пакінуць БССР хоць у якім выглядзе? Ці ўсёведны хацеў сказаць пра слуцкіх паўстанцаў, якія змагаліся супраць Саветаў за незалежную БНР? Але тое было ў 1920-м, дый ваявалі яны за іншыя межы.
А чаму нацмэны? Мо аб’ект нашага моўнага аналізу чуе ў слове склад „мэн“ — у расейскім крымінальным жаргоне азначае ‘багатага чалавека’? І ўяўляе сабе ў трывозе нейкіх нацыянальных супэрмэнаў?
Сталінская ярархія народаў
Але расейскае слоўца — з часоў шанаванага ім Сталіна. І вымаўляць яго трэба нацмен, бо гэта абрэвіятура ад выразу „национальное меньшинство“. Так спачатку афіцыйна называлі прадстаўнікоў нерасейскіх народаў у РСФСР і СССР.
Ці нэўтральнае гэтае слова? Яго някепска дасьледавалі расейскія лінгвісты. У 1920-я гады гэта быў звычайны канцылярскі саветызм, прычым па-расейску ён скланяўся своеасабліва — як „солдат“ ці „кадет“: „депутат из нацмен“.
Але ў 2-й палове 1930-х Сталін абвясьціў новую нацыянальна-дзяржаўную дактрыну: „Сярод роўных нацыяў, дзяржаваў і краін у СССР самая савецкая, самая рэвалюцыйная — гэта руская нацыя“. Адпаведна ў сталінскай ерархічнай схеме „…узроўнем ніжэй за расейцаў стаялі ўкраінцы, яшчэ ніжэй — беларусы, затым па сыходнай ішлі іншыя народы, якія мелі ўласную дзяржаўнасьць у выглядзе саюзных рэспублік (…) аж да найніжэйшай прыступкі гэтай этнапіраміды, якую займалі экстэрытарыяльныя нацыянальныя мяншыні (…), — піша расейскі гісторык і дадае:
— Характэрна, што савецкае скарачэньне «нацмен» (‘национальное меньшинство’) менавіта з таго часу пачало набываць прыніжальна-грэблівы, а ў прастамоўі часта і лаянкавы сэнс“.
(Геннадий Костырченко. Сталин против „космополитов“. Власть и еврейская интеллигенция в СССР. — Серия „История сталинизма“. — Москва: 2010).
І сапраўды, слова „нацмен“ зьмяніла стылістычныя пазнакі: у даваенным слоўніку Ўшакова яно яшчэ было нэўтральным, у Кузьняцова і Яфрэмавай — ужо гутарковае, а ў найноўшы час месца „нацмена“ сярод прыніжальнай („уничижительной“) лексыкі ды ў слоўніках жаргонаў.
Так, культавы „Словарь тюремно-лагерно-блатного жаргона“ Балдаева, Бялко, Ісупава дае для „нацмен“ значэньне ‘азиат’, як і ўсе астатнія этнічныя назвы ў „фені“, слова абразьлівае. А паколькі лягерны жаргон даўно выйшаў на прасторы ўсерасейскія, то нічога дзіўнага, што ў слоўніках сынонімаў расейскай мовы адпаведнік для яго — „чучмек“.
Расейскія лексыкографы, якія вывучаюць сацыяльна-нарматыўныя аспэкты значэньня словаў (І. Сьцярнін, Е. Маклакова), ставяць „нацмена“ ў адзін шэраг з этнафаўлізмамі чурка, азер, кітаёза і пад. А. Скавароднікаў лічыць гэтае слова „шавіністычнай ацэначнай намінацыяй“.
Инородец, нацмен, нерусский…
Жыхар імпэрыі ў чужаку бачыць небясьпеку змовы, піша К. Нагаева ў працы „Языковая репрезентация концепта «чужие» в русской лингвокультуре“. Гэтую ролю спачатку выконвала лексэма „инородец“ (адпаведніка ў беларускай мове няма, наша традыцыя стаўленьня да этнічнага паходжаньня людзей не зьвязаная з імпэрскімі комплексамі).
А ў савецкі час інфэрнальную функцыю падхапіў — пасьля выхаду з афіцыйнага ўжытку — акурат „нацмен“. Слова ўключана ў „Толковый словарь языка Совдепии“ з значэньнем ‘любой нерусский житель Советского Союза’. Сынонім „нацмена“ ў такім значэньні — „нерусский“. І гэта ня проста проціпастаўленьне, а прыніжэньне словам. Слова „нацмен“ у дачыненьні да малых народаў Расеі „прыніжае нацыянальную годнасьць“, — піша ў судовай лінгвістычнай экспэртызе прафэсар Міхаіл Гарбанеўскі, адзін з найбольш аўтарытэтных спэцыялістаў у лінгваканфлікталёгіі ў гэтай краіне.
„Каждый нацмен ― сволочь, шпион, диверсант“
У мове сучаснай расейскай літаратуры „нацмен“ спрэс у нэгатыўных кантэкстах:
Бывший начальник НКВД по Ленинградской области Карпов в 1937 году … давал своим подчиненнымтакую установку: „Вы должны запомнить раз и навсегда, что каждый нацмен ― сволочь, шпион, диверсант и контрреволюционер“. [Александр Яковлев. Омут памяти. 2001)]
Первый мой выход в качестве презренного нацмена ознаменовался странной сценой… [Юрий Нагибин. Тьма в конце туннеля (1994)]
Нацмен и, по роже видно, тот еще волк. [Г. Г. Демидов. Амок (1972-1980)]
(Прыклады з Корпусу расейскай мовы.)
„Нацмэны возбудились“
Цытаваны прамоўца ўжывае гэтае слова даўно і рэгулярна.
7 кастрычніка 2011 году, прэс-канфэрэнцыя для расейскіх журналістаў:
Наши нацмэны сейчас тут возбудились в Беларуси ... Что вот Путин сказал, мы потеряем независимость… Наши, я говорю, нацмэны, „пятая колонна“ зашевелилась, и ваша, я смотрю, там пошевеливаться начала.
17 кастрычніка 2014 году, сустрэча з расейскімі журналістамі. Лідэр Радыкальнай партыі Ўкраіны Алег Ляшко —
„активный в отношении России реакционный политик, страшный нацмэн, вчера он подрался с журналистами российскими ... “ (…) »Особенно у нас оппозиция, нацмэны наши, националисты, меня пугают: сегодня — Украина, завтра — Беларусь…“
17 лістапада 2016 году, прэс-канфэрэнцыя для расейскіх журналістаў:
Когда нацмэны были у власти, они повыкидывали все русское из литературы и повтискивали в программу свои „творы“.
14 сьнежня 2018 году, прэс-канфэрэнцыя для расейскіх журналістаў:
Я недавно Владимиру Владимировичу сказал: слушай, мы с тобой скоро Господа будем просить, чтобы там (на ўсходзе Ўкраіны) было НАТО, а не отмороженные нацмэны с ружьем.
Гэта зноў пра ўкраінцаў.
Прамоўца сыстэматычна ўжывае сумнеўнае слова перад расейскай аўдыторыяй. Гэта сыгнал: я свой, і для вас і для мяне тыя „нацмэны“ — чужакі нярускія.
Мова нацыянальнай варожасьці
Расейскае слова „нацмен“ (нават вымаўленае з ангельскім пранонсам) — прыніжальнае і абразьлівае. Слова гэтае зь лексыкону расейскіх шавіністаў. У вышэйпрыведзеных цытатах так названыя беларусы, якія змагаліся за незалежнасьць і нацыянальную самабытнасьць краіны. Прычым як лідэры БНР і нават БССР стогадовай даўніны, так і сучасьнікі. Ярлык „нацмэнаў“ і на ўкраінскіх палітычных дзеячах. Розныя людзі, але аб’ядноўвае іх вернасьць роднай мове — беларускай ці ўкраінскай — і непрыманьне расейскага імпэрыялізму.
Той, хто дае беларусам шавіністычную расейскую мянушку са значэньнем ‘нярускія’, ‘іншародцы’, ‘чужакі’, ён тым самым пазначае ўласную прыналежнасьць да расейскай мэнтальнай прасторы і нутробную варожасьць да беларускай незалежнасьці.
У сучаснай Расеі некаторыя лічаць словы „нацмен“ і „нацбол“ антонімамі: „нацбол“, маўляў, бароніць расейскую „большасьць“ ад пагрозаў, якія нясуць ёй „нацмены“. Што ж, ёсьць „нацбол“ на варце і ў Беларусі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.