Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шалудзівыя, Пражжонная і Храк. Слоўнік для „вэртыкалі“


Дручок зь місіяй
Дручок зь місіяй

Кіраўнік дзяржавы рэгулярна папаўняе слоўнік тэрмінаў, неабходных для эфэктыўнага дзяржаўнага кіраваньня. Уладная вэртыкаль абавязана іх пераняць і правільна ўжываць. Разьбяром чарговае папаўненьне сьпісу. ВІДЭА:

„Шалудзівыя“

Слова ўласьцівае як расейскай, так і беларускай мовам; аўтар інструкцыі вымаўляе яго з выразным дзеканьнем, таму будзем лічыць, што слова гэтае ў яго беларускае.

Шолудзі — гэта кароста, струпы, пархі на скуры, пераважна на галаве. Сынонімы шалудзівагапаршывы, пархаты, то бо надзвычай неахайны і небясьпечны для навакольных. Слова ў пераносным значэньні — стылістычна прастамоўнае, азначае ‘нікчэмны, агідны’ і служыць унівэрсальнай грэблівай характарыстыкай для палітычных апанэнтаў як бы „з народу“.

„Пузатыя“

А гэтым фамільярным эпітэтам, наадварот, трэба пазначаць супаратаў, якія адпавядаюць ленінскаму разуменьню эксплюататараў народу, крывасмокаў. Пажадана з назоўнікам: пузатыя буржуі.

„Прашарсьціць“ або „прошерстить“? Гэта важна для ДФР

Тых, хто падпадае пад ідэнтыфікатар пузатых, належыць прашарсьціць. І тут пачынаюцца міжмоўныя праблемы.

У беларускім прастамоўі шарсьціць азначае ўсяго толькі ‘вымаўляць’, ‘прабіраць’ вінаватага, даваць яму прачуханку, вымову.

А вось расейскае шерстить — значыць ‘абшукваць, ператрасаць’.

Значыць, ад выбару моўнага рэгістру залежыць разуменьне загадаў начальніка шматлікімі выканаўцамі ягонай волі!

І для шалудзівых, і для пузатых прадугледжана яшчэ адна працэдура:

Привести в чувство“

Гэта ўжо чыста расейскі выраз; дарэчы, цытуючы, афіцыйныя прапагандысцкія каналы напісалі яго з памылкай: „…в чувства. Беларускамоўным мэдыя было няпроста адшукаць адпаведнік такому важнаму загаду, урэшце спыніліся на апісальным: прымусіць апомніцца, апамятацца. Затое органы выкананьня адразу ўсё зразумелі правільна.

Год таму наш укладальнік лексычнага мінімуму ўвёў у дзяржаўны лексыкон слова мудак так належыць называць назіральнікаў на выбарах. Пра асаблівасьці беларускага і расейскага „мудака“ мы ўжо пісалі:

Дык вось тыя „мудакі“ падлягаюць інакшай апэрацыі: ім належыць „вставить мозги“.

Расейскаму „вправить мозги“ па-беларуску адпавядае фразэма „мухі выгнаць“ [з галавы], на маю думку, не агрэсіўная і таму больш адпаведная нашаму памяркоўнаму мэнталітэту. Але афіцыйныя беларускія слоўнікі даюць таксама і варыянт „уставіць мазгі“. Г. зн. аб’ект нашага моўнага аналізу выбраў даволі беларускую форму.

Адпаведна спэцслужбы і міліцыя цяпер мусяць прапісаць альгарытм „Устаўляньне мазгоў мудакам“ па-беларуску. І напісаць гэта на гумовых дручках.

А на аўтазаках — паэтычны сьлёган „Прымушаем апомніцца“.

Аўтазак зь місіяй
Аўтазак зь місіяй

У аўтара слоўніка-мінімума ёсьць іншыя цікавыя лексычныя знаходкі. Напрыклад,

„Храк“.

Слова храк у гісторыі беларускае мовы было:

Нe ўцякaй aд мaёй ты cяpмягi,
Мнe ня cтыднa y ёй aнiчyць,
Boт твoй xpaк я н
я мeў бы aдвaгi,
Чopтaў xpaк нa cябe aпpaнyць
, —

пісаў Францішак Багушэвіч у публіцыстычным вершы „Не цурайся мяне, панічок“ — ад імя селяніна, для якога фрак — чужы атрыбут. А пераход [Ф] у [Х] — тыповая зьява ў беларускай дыялектнай фанэтыцы (хурманка замест фурманка).

Такім чынам, словам храк ужо сучасны аўтар характарызуе свайго супарата за яўна ненароднае паходжаньне — няўжо ў Багушэвічавай традыцыі? Праўда, не зусім ясна, як зьвязаны фрак з рэпрадукцыйнымі функцыямі сьвіньні. Там жа ў працэсе фігуруе кныр. Мо аб’ект дасьледаваньня меў на ўвеце расейскае слова хряк? Ёсьць такое, і яно ўжываецца ў расейскім крымінальным арго — як абраза.

Стылістыка расейскай мовы — наагул рэч складаная, асабліва калі яе спасьцігаць не з клясычных твораў.

Наталля Иванаўна, за цебя не прагаласуют, хоць ты пражжонная ужэ, гатовый прэзидзент.

Публічна назваўшы сваю паплечніцу

„Прожжённая“,

аўтар, хутчэй за ўсё, ня ведаў, што гэтае расейскае слова найперш азначае ‘самый отъявленный’(напрыклад, „прожжённый негодяй“) і на беларускую перакладаецца як страшэнны, несусьветны. Прожжённый плут = несусьветны круцель.

І толькі апошнім часам у яго зьявілася другое значэньне ‘вельмі дасьведчаны, які шмат чаго пабачыў’.

„Городишко“ і „народец“

тая ж стылістычная пастка. Думаю, аўтар не ўяўляе, што па-расейску „народец“ у першым значэньні — гэта, як тлумачыў клясык расейскай лексыкаграфіі Дзьмітрый Ушакоў, —

„На языке русского великодержавного шовинизма маленький народ. (Прыклад:) Сибирские народцы“.

То бо зьняважлівая характарыстыка. А ў другім значэньні гэта фамільярны зварот, паблажлівы, звысака: „Ну, народец!“

І слова городишко ў расейскай клясычнай традыцыі спалучаецца з прыметнікамі убогий, захолустный, скверный. „Уничижительное“, як характарызуюць слова лексыкографы. Але выглядае, што наш прамоўца палічыў суфікс -ишк- памяншальна-ласкальным, ня ведаючы і не адчуваючы яго асноўнага значэньня. (Зрэшты, выразы „уютный городишко“ і падобныя знойдзем у „Советской Белоруссии“ — „городишками“ там называюць Добруш і Лепель, Дзісну і Горкі. У цалкам пазытыўным кантэксьце. То бо галоўны чытач СБ тут ідзе за яе выбітнымі стылістамі.)

У беларускай мове абодвух гэтых словаў няма, і для перакладнікаў у мэдыя яны галаўны боль: у нас або паважныя горад і места, або ня менш паважлівыя гарадок і мястэчка. Ключ да моўнай культуры — павага. Да сваёй мовы, да іншых людзей і да самога сябе.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG