Жыхары Менску, у чыіх кватэрах былі праблемы зь якасьцю вады, ня будуць плаціць за ваду за чэрвень. Пра гэта журналістам паведаміў 28 чэрвеня намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Кухараў, піша БЕЛТА.
Падрабязная інфармацыя пра тое, як менавіта зробяць пераразьлік, зьявіцца пазьней. «Мэханізм прапрацоўваецца», — дадаў Кухараў.
Праблема зь якасьцю водаправоднай вады ўзьнікла ў Менску 24 чэрвеня, калі жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў пачалі скардзіцца на зьедлівы пах з водаправоду. Ужываць ваду было немагчыма. 25 чэрвеня на непрыемны пах і незвычайны колер вады сталі скардзіцца і ў цэнтры гораду.
24 чэрвеня Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі ўзяў пробы вады з сыстэмы цэнтралізаванага пітнога водазабесьпячэньня названых раёнаў. Была выяўленая неадпаведнасьць пітной вады санітарным нормам, але жыхарам сталіцы пра гэта стала вядома толькі праз суткі.
У некалькіх раёнах гораду арганізавалі падвоз вады аўтацыстэрнамі, працягнулі рэжым працы трох пітных фантанаў, якія забясьпечваюцца з падземных крыніцаў. Мясцовыя жыхары мусілі стаяць па ваду ў доўгіх чэргах.
За першыя суткі «хуткая дапамога» выяжджала да 15 пацыентаў, якія зьвязвалі пагаршэньне свайго стану з ужываньнем вады.
Генпракуратура паведаміла, што «ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзянаў» праводзіцца «праверка выкананьня заканадаўства аб пітным водазабесьпячэньні».
Пазьней Менгарвыканкам назваў верагодную прычыну праблемы — рамонт участку вадаводу. Пасьля таго, як гэты вадавод адключылі, Мінздароўя дазволіла карыстацца вадой з кранаў, аднак яе працягваюць кантраляваць.