Юрысты штабу затрыманага ўладамі прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі рэкамэндуюць беларусам патрабаваць кампэнсацыі маральнай шкоды за брудную ваду з непрыемным пахам у сыстэме водазабесьпячэньня Менску, паведамляе «Інтэрфакс».
«Спажывец мае права патрабаваць ад выканаўцы кампэнсацыі маральнай шкоды, прычыненай парушэньнем правоў спажыўца жыльлёва-камунальных паслуг, незалежна ад маёмаснай шкоды, якая мусіць быць пакрытая. Памер кампэнсацыі маральнай шкоды вызначаецца судом», — гаворыцца ў камэнтары юрыстаў штабу Бабарыкі.
Яны нагадалі, што кожны карыстальнік мае дамову з водаканалам. У дагаворы замацаваны асноўныя правы карыстальніка і адказнасьць.
«Згодна з п. 14 тыпавой дамовы, выканаўца абавязаны пакрыць страты, шкоду, нанесеныя жыцьцю, здароўю і (або) маёмасьці спажыўца з прычыны неаказаньня жыльлёва-камунальнай паслугі або аказаньня паслуг водазабесьпячэньня і (або) водаадвядзеньня (каналізацыі) з недахопамі, у тым ліку з прычыны прымяненьня ў працэсе іх аказаньня тэхналёгій, небясьпечных для жыцьця, здароўя і (або) маёмасьці спажыўца, а таксама навакольнага асяродзьдзя», — адзначаецца ў паведамленьні.
Акрамя таго, у адпаведнасьці з заканадаўствам, спажывец можа запатрабаваць спагнаньня страт і маральнай шкоды, уключаючы: кошт сапсаваных рэчаў і тэхнікі, дадаткова панесеных выдаткаў для аднаўленьня правоў (набыцьцё вады і да т. п.), пакрыцьцё выдаткаў на лячэньне і лекавыя сродкі, пакрыцьцё маральнай шкоды (кампэнсацыя ў сувязі з перанесенымі фізычнымі пакутамі (хвароба, пагаршэньне самаадчуваньне і да т.п. дакумэнтальна зафіксаванае) і маральнымі пакутамі — перажываньні і да т.п.).
Як паведамлялася, 23 чэрвеня днём зьявіліся паведамленьні аб забруджваньні водаправоднай вады ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Менску. Карыстальнікі сацсетак скардзіліся на агідны пах вады з крана. У горадзе пачаўся ажыятажны попыт на бутыляваную ваду.
25 чэрвеня стала вядома, што напярэдадні Міністэрства аховы здароўя Беларусі накіраваў ліст у адміністрацыі Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў Менска пра небясьпеку ўжываньня вадаправоднай вады. Між тым маштабнага інфармаваньня насельніцтва аб небясьпецы забруджанай вады для здароўя з боку ўладаў не было.