Прычыны праблемаў зь якасьцю вадаправоднай вады ў некалькіх раёнах сталіцы Беларусі пакуль не высьветлілі, паведаміў старшыня Менскага гарвыканкаму Анатоль Сівак.
«У зону сыстэмы водазабесьпячэньня, дзе паўсталі праблемы зь якасьцю вады, трапіла 2 569 дамоў. У 96% зь іх ужо завершана прамываньне вадаправодаў. Гарадзкім цэнтрам гігіены і эпідэміялёгіі ў асобных пунктах, іх каля 100, робіцца аналіз вады. Калі вынікі будуць станоўчымі, абмежаваньні на спажываньне пітной вады здымуць», — спасылаецца на Сівака телеграм-канал «Менск. Афіцыйна».
Паводле кіраўніка гарадзкой улады, зыходзячы з дакладаў службаў, адна з вэрсій прычын здарэньня зьвязаная з тэхнічным рэглямэнтам у замене часткі вадаводу. Ён адзначыў, што праблемы паўсталі ў тых раёнах, куды вада падаецца з паверхневых крыніц.
Першыя звароты пачалі паступаць ад жыхароў Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў, тэрыторыя якіх знаходзіцца побач з ачышчальнымі станцыямі. Да астатніх няякасная вада дайшла пазьней, таму што да іх большая адлегласьць, гэта мікрараёны чыгуначнага вакзалу, Курасоўшчыны, Нямігі, Ціміразева.
24 чэрвеня жыхары Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў Менска пачалі скардзіцца на пах з вадаправоду. У той жа дзень Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі узяў пробы вады і па выніках лябараторных дасьледаваньняў канстатаваў неадпаведнасьць пітной вады санітарным нормам.
У сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзянаў Генпракуратура пачала праверку выкананьня заканадаўства аб пітным водазабесьпячэньні.