Сьвятлана Нарскіна сабрала з інтэрнэту інфармацыю пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, раздрукавала яе і «пайшла ў народ». За гэта на яе склалі пратакол.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Жыхарку Гомля Сьвятлану Нарскіну выклікалі спачатку ў міліцыю, потым — у суд. Яе абвінавачваюць па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
«У той дзень у горадзе не было ні акцый, ні пікетаў. Я проста падыходзіла да незнаёмых людзей каля бібліятэкі і размаўляла зь імі пра сытуацыю ў краіне», — сказала Свабодзе Сьвятлана.
14 чэрвеня Нарскіна сабрала з інтэрнэту інфармацыю пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, раздрукавала яе і «пайшла ў народ».
«Якая была мая мэта? Проста пазнаёміцца зь людзьмі — ня тымі, якія выходзяць на плошчы, ня тымі, якіх паказваюць па тэлевізары. Пачуць іх меркаваньне пра падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі. Тое, што я надрукавала на паперцы, — гэта была шпаргалка для мяне: з чаго пачынаць размову, пра што гаварыць. Я падыходзіла да людзей, якія адпачывалі на лавачках, заводзіла размову... Яны пыталіся: „Якая ў мяне мэта?“ Я сказала, што ў мяне простыя мэты: асьвета, разьвіцьцё грамадзянскай пазыцыі, неабыякавасьці, эмпатыі», — кажа жыхарка Гомля.
На паперцы, якой карысталася як шпаргалкай Святлана, было напісана: «Прыходзьце на мірныя сходы — разам вырашым нашу будучыню».
«Але там жа не было ні даты, ні месца мірных сходаў! Міліцыя расцаніла гэта як улётку, але якая гэта ўлётка?» — абураецца Святлана.
Яна не разумее, за што яе цяпер будуць судзіць:
«Які пікет? Які мітынг? Перад пікетам па зборы подпісаў мяне неяк затрымала міліцыя, і трымалі ў аддзеле без аніякіх падстаў восем гадзін. У кабінэт набілася процьма народу, усе размаўлялі. Я казала ім, што паводле іх лёгікі — гэта мітынг цяпер у кабінэце, і варта, каб яго хто разагнаў», — кажа жыхарка Гомля Сьвятлана Нарскіна.