Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Салідарнасьць ня роўная злачынству». Слонімцаў за «ланцуг салідарнасьці» аштрафавалі


Шасьцёх жыхароў Слоніма аштрафавалі ў суме на 729 рублёў. Раённы суд 24 чэрвеня вырашыў, што яны ўдзельнічалі ў недазволеным масавым мерапрыемстве.

Як расказала Свабодзе адна з аштрафаваных жыхарак Слоніму Вольга Наўгародзкая, 20 чэрвеня яны зь сябрамі выйшлі ў горад на знак салідарнасьці з затрыманымі падчас сёлетняй выбарчай кампаніі. Яна кажа, што яны спакойна стаялі адзін пры адным — бязь лёзунгаў і сымболікі. Аўтамабілі ім сыгналілі, яны ў адказ махалі рукамі.

«Мы нічога такога не рабілі. Мы проста стаялі, і ўсё», — сказала Вольга.

Паводле яе, праз паўгадзіны пад’ехалі тры міліцэйскія машыны. Міліцыянты сказалі, што станавіцца ў шэраг нельга, бо так атрымліваецца пікет.

«Калі бы мы стаялі ў коле, то тады можна было б?», — спыталася ў міліцыянтаў Вольга, але не дачакалася адказу.

Міліцыянты на месцы склалі пратаколы на чатырох чалавек, пазьней — яшчэ на дваіх.

«Я салідарная. Але салідарнасьць ня роўная злачынству... Дабрадзейнасьць ня можа быць злачынствам. А тут усё дагары нагамі», — разважае Вольга.

Штрафы атрымалі

  • Аляксандра Вялічка, Вольга Наўгародзкая, Ксенія Тачоная — па 108 рублёў;
  • Дзьмітры Дзяйко, Ксенія Крыўшына, Дзьмітры Наўгародзкі — па 135 рублёў.

Вольга сказала, што ёй перадаюць словы салідарнасьці з розных куткоў сьвету.

«Мне пішуць сябры з Чыкага, Адэсы, Кракава, Нямеччыны, Расеі, Казахстану: „Мы з вамі!“ Усе за намі сочаць, нас падтрымліваюць, адчуваецца еднасьць. Я гляджу гэтыя відэа [акцый салідарнасьці] — Тэль-Авіў, Нью-Ёрк, Гамбург, Бэрлін, Варшава, Вільня, Нідэрлянды. Уздымаецца дух, што людзі прачынаюцца паціху».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG