Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На дзяўчыну напалі ззаду пяцёра ў цывільным». Як адбываліся жорсткія затрыманьні ў Наваградку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Удзельнікі «ланцугу салідарнасьці» ў Наваградку расказалі Свабодзе, як у горадзе адбываліся жорсткія затрыманьні 21 чэрвеня.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Жыхарка Наваградку Ірына Дробыш-Лазарава была на месцы і расказала, як разьвіваліся падзеі. У мясцовым чаце зьявілася інфармацыя, што людзі зьбіраюцца на «ланцуг салідарнасьці» каля 18:00 у раёне гандлёвых цэнтраў «Mix» і «Поні». Прыйшлі 20-30 чалавек. Напярэдадні, 20 чэрвеня, такая ж колькасьць людзей шпацыравала па цэнтры горада, нікога не затрымалі.

«Для Наваградку 30 чалавек гэта ого», — тлумачыць Ірына.

Зь ейных словаў, нават на гарадзкія сьвяточныя канцэрты прыходзяць ня больш за 50 чалавек.

Спачатку падышлі міліцыянты і сказалі, што нельга стаяць на месцы, можна шпацыраваць. Удзельнікі «ланцугу» пайшлі гуляць цэнтральнымі вуліцамі. Да іх далучаліся новыя людзі. Ірына кажа, што хадзілі мірна, спакойна. Некаторыя машыны ім сыгналілі, яны пляскалі ў ладкі ў адказ. Засьпявалі «Перемен» Цоя. Як яны заўважылі, на шляху іх пільнавалі асобы ў цывільным.

«Калі пераходзіла дарогу каля ЗАГСу, пачула крыкі ззаду. Я павярнулася, і ўжо пачалася ўся гэтая мітусьня. Першай схапілі дзяўчыну Алену. Напалі ззаду пяцёра ў цывільным, павалаклі ў машыну», — успамінае Ірына.

Муж Алены Сяргей, калі ўбачыў, што жонку затрымалі, сам папрасіў, каб яго забралі. Яго пасадзілі ў іншую машыну.

З словаў Ірыны, затрыманьні адбываліся «жахліва».

«Дзяўчыне, худзенькай, закруціў рукі тоўсты, здаровы мужлан у форме, Мікулка Андрэй Віктаравіч, колішні начальнік ДАІ, цяпер начальнік дзяжурнай часткі міліцыі... Мы разгубіліся, бо шмат было людзей у цывільным... Гэта быў напад. На нас напалі ззаду, ціха, як „ціхушнікі“, нас не папярэджвалі», — расказвае Ірына.

Людзі не хацелі ісьці добраахвотна, падалі на зямлю, каб іх не затрымалі.

Як заўважыла Ірына, забралі тых, у каго былі майкі з гербам «Пагоня» або з надпісам «Страна для жизни». Кажа, што тых, хто быў у майках з «Ў», не затрымалі.

Усіх супрацоўнікаў у цывільным удзельнікі «ланцугу» апазналі, бо горад невялікі і ўсе адно аднаго ведаюць. Зь іхных словаў, гэта былі супрацоўнікі міліцыі, ДАІ, КДБ, сьледчыя.

Падчас мітусьні затрымалі 6 чалавек:

  • Алега Аляшкевіча,
  • Андрэя Апулінскага,
  • Сяргея Казака,
  • Аляксандра Камісарава,
  • Сяргея Пячко,
  • Алену Пячко.

На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за непадпарадкаваньне міліцыі. Алену Пячко адпусьцілі ўначы. Алена і Сяргей — муж і жонка, з Карэлічаў. Аляксандар Камісараў — прадстаўнік ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай з Карэлічаў.

23 чэрвеня затрымалі Паўла Казака, які прыйшоў у Наваградзкі РАУС пацікавіцца лёсам брата Сяргея Казака.

Затрыманая: «Мяне схапілі пяць чалавек у цывільным»

Адна з затрыманых Алена Пячко расказала, што яна прымала ўдзел у шпацыры па горадзе.

«Да нас падбеглі людзі ў цывільным... Мяне схапілі пяць чалавек у цывільным, не называючыся, і пацягнулі ў машыну. Там ужо сядзеў чалавек у цывільным, ён цягнуў мяне за рукі, іншыя мяне за ногі — і ў машыну», — узгадвае жанчына.

Зь ейных словаў, затрымлівалі жорстка.

«Гэта бандыты. Яны затрымліваюць, не называюцца. Мы нічога не рабілі. Не скандалілі, не мітынгавалі, мы проста хадзілі па горадзе. Мірныя людзі хадзілі. Яны дачакаліся, калі нас засталося няшмат, і тады пачалі ў цывільным нас забіраць», — расказвае Алена.

Ніхто адразу не тлумачыў, за што затрымалі, — кажа Алена. У Алены і Сяргея непаўналетні малодшы сын скончыў 11 клясаў. Зь ейных словаў, падчас апытаньня ёй намякнулі, што калі яна ня дасьць паказаньняў, ён можа не паступіць далей вучыцца. Алена працуе тэхработнікам у школе, муж займаецца будаўнічымі працамі за мяжой. Раней яна ніколі ня брала ўдзелу ў падобных падзеях. Кажа, што выйшла, бо цяпер надта цяжка стала жыць.

Калі і дзе будзе суд над затрыманымі, невядома. Блізкія затрыманых дзяжурылі цэлы дзень да ночы 22 чэрвеня пад судамі ў Карэлічах і Наваградку, але ім не далі інфармацыі ні ў судах, ні ў РАУС.

Што кажуць у міліцыі

Начальнік Наваградзкага раённага аддзела ўнутраных спраў Рустам Вагабаў адмовіўся адказваць на пытаньні Свабоды пра ўжываньне сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў і затрыманьні 21 чэрвеня.

«Я на пытаньні не адказваю, у нас ёсьць адмысловая арганізацыя — прэс-служба ўпраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму, якой кіруе Яўген Дудко. Я ня маю права адказваць без дазволу», — сказаў Вагабаў.

Свабода цягам дня тройчы зьвязвалася з падпалкоўнікам міліцыі Яўгенам Дудко, начальнікам аддзела інфармацыі і грамадзкіх сувязяў. Ён паабяцаў высьветліць абставіны, але на момант выхаду публікацыі атрымаць яго камэнтар нам так і не ўдалося.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG