Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году, былы палітвязень, экс-намесьнік міністра замежных спраў Беларусі, каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў называе трох прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва нэафітамі, якія ўскалыхнулі грамадзтва, дае ацэнку свайму былому калегу Валеру Цапкалу і называе «выклікам у НКВД» запрашэньне амбасадараў краінаў Эўразьвязу ў Міністэрства замежных спраў.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сьцісла
- Сьвятлане Ціханоўскай і родным Віктара і Эдуарда Бабарыкаў хацеў бы сказаць: зьвяртайцеся да людзей. Беларусы вельмі моцныя сваёй салідарнасьцю.
- Я ведаў, на што іду, Бабарыка ведаў, але гэта былі розныя веды. Я быў у апазыцыі шмат гадоў, а ён падкрэсьліваў увесь час, што ён не ў апазыцыі.
- Гэта як дыпляматаў запрасілі ў аддзел НКВД. Добра, што яны выйшлі ўсе адтуль. Гэта ўжо не дыпляматыя, нават не прапаганда, гэта гэбэшныя мэтады запалохваньня.
- Сыходзьце, хлопцы і лэдзі, сыходзьце ад гэтага сораму, з гэтых пасадаў. Так я магу зьвярнуцца да сваіх былых калегаў. Сумленьне будзе, спаць будзеце нармальна, лёс і жыцьцё будуць іншымі.
«Гэта нэафіты, якія зрабілі проста неверагоднае, і людзі адгукнуліся»
— Чым адрозьніваецца гэтыя выбарчая кампанія ад той, у якой вы бралі ўдзел 10 гадоў таму? Паводле дзеяньняў улады, актыўнасьці грамадзтва, стратэгіі патэнцыйных кандыдатаў?
— Кожная кампанія адрозьніваецца. Я назаву гэта палітычнай кампаніяй, бо выбараў даўно няма. Але палітычная кампанія ў сувязі з так званымі выбарамі ёсьць. Галоўнае адрозьненьне — надзвычай высокая актыўнасьць грамадзянаў Беларусі. Калі браць кандыдатаў, то гэта, можна сказаць, нэафіты. У папярэдніх выбарах удзельнічалі больш-менш вядомыя людзі ў Беларусі і беларускай апазыцыі. Цяпер ёсьць тры лідэры. Я буду казаць пра Сяргея Ціханоўскага, а не пра Сьвятлану. На жаль, яму не дазволілі ўдзельнічаць. Гэта нэафіты, якія справакавалі гэтую актыўнасьць. Яны зрабілі проста неверагоднае, і людзі адгукнуліся. Самае адметнае ў гэтай кампаніі — гэта людзі, якія ўдзельнічаюць.
— І гэтыя людзі, якія падтрымліваюць трох лідэраў, таксама, напэўна, збольшага нэафіты...
— Я думаю, што прыхільнікі Ціханоўскага — гэта не нэафіты, гэта пратэставы электарат, гэта людзі, якія ўжо былі на вуліцах. Гэта і маладыя людзі, якія далучыліся да гэтых пратэстаў. А нэафіты — гэта электарат двух іншых лідэраў, гэта тыя людзі, якія разважалі, што нічога ня будзе адбывацца, мы лепей паназіраем. У 2010 годзе такое было таксама, людзі выходзілі са сваёй капсулы назіраньня і далучаліся да працэсаў. Цяпер адбылося тое, што гэтыя дзьве ўмоўныя часткі грамадзтва спалучыліся ў падтрымцы пераменаў.
Відавочна, што ўлада дагэтуль захавала свой страх пасьля 2010 году. У 2015 годзе выбары ўвогуле не адбыліся. І не таму, што не было кандыдатаў. Тады быў у турме Мікалай Статкевіч, і апазыцыя сьвядома прыняла рашэньне ня ўдзельнічаць, гэта быў суцэльны ігнор.
Што тычыцца дзеяньняў улады, то рэпрэсіі цяпер больш жорсткія. Адметнасьць у тым, што яны пачаліся да выбараў. Гэта даволі нечакана. Раней, каб зрабіць уражаньне, што ёсьць нейкія выбары, усё ж давалі кандыдатам прынамсі папрацаваць падчас збору подпісаў. Цяпер гэта вялікі страх Лукашэнкі, гэта поўная неадэкватнасьць ва ўсіх сфэрах, пачынаючы з эканомікі. Таму ён так рэагуе. Час яго ўжо даўно мінуў. Ён чапляецца за ўладу, а нянавісьць у людзей расьце.
— Рэпрэсіі ўлады закранулі вашу сям’ю — жонку, сына, маці, бацькоў жонкі. Што б вы маглі зараз сказаць родным Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча ды іншых зьняволеных?
— Я нічога не магу сказаць родным Паўла Севярынца — ні бацьку Кастусю, ні жонцы Вользе, ні сястры Ганьне, ні маці Тацяне, таму што яны ўсё ведаюць, гэтым людзям трэба пакланіцца. Нічога не магу сказаць Ганьне і Кацярыне Статкевіч, дочкам Міколы Статкевіча, і ягонай жонцы Марыне Адамовіч, яна таксама ўсё ведаюць. Мы павінны падзякаваць гэтым людзям, таму што яны заўсёды змагаюцца ня толькі за сваіх родных, а за ўсіх палітвязьняў. Я гэта добра ведаю, я адчуваў гэтую падтрымку, калі сам сядзеў. Побач са Статкевічам, дарэчы.
А Сьвятлане Ціханоўскай і родным Віктара і Эдуарда Бабарыкаў хацеў бы сказаць: зьвяртайцеся да людзей. Беларусы вельмі моцныя сваёй салідарнасьцю. Зьвяртайцеся да людзей, прадэманструйце, што вы таксама падтрымліваеце ўсіх палітзьняволеных. Ніколі нельга падзяляць, «нашы» ці «ня нашы» палітвязьні. Калі чалавек апынуўся з палітычных матываў за кратамі, мы ўсе абавязаныя яго падтрымліваць.
Вытрымкі ім. Сяргей Ціханоўскі ўвогуле ў карцэры цяпер сядзіць. Ідуць катаваньні. Але гэта не павінна паўплываць на актыўнасьць грамадзянаў, бо гэта ня толькі падтрымка асобаў, але і працэсу зьменаў, які пачаўся зь іх актыўным удзелам.
«Мы павінны вярнуць сваю Беларусь сабе. Гэта ніяк не Беларусь Лукашэнкі, не калгас, які ён пабудаваў»
— Прымаючы рашэньне аб удзеле ў выбарчай кампаніі, праўдападобна, і вы, і ў свой час Казулін, Марыніч, Чыгір, і цяпер Бабарыка і Ціханоўскі ўсьведамлялі ўсе рызыкі — арышт, самага рознага кшталту абвінавачваньні, паклёпы, цяжар для сямʼі, эміграцыя і потым немагчымасьць нармальнага паўнавартаснага жыцьця на радзіме. Чаму ўсё роўна спрабуюць? Які ваш адказ?
— Я ведаў, на што іду, і Бабарыка ведаў таксама, але гэта былі розныя веды. Я быў у апазыцыі шмат гадоў, ён толькі цяпер зьявіўся і падкрэсьліваў увесь час, што ён не ў апазыцыі. Гэта было, можа, і памылкова. Чаму робім усё гэта? Таму што мы не пагаджаемся з такой краінай. Мы павінны вярнуць сваю Беларусь сабе. Гэта ніяк не Беларусь Лукашэнкі. Гэта не калгас, які ён пабудаваў. І тое, што мацнее ня толькі нянавісьць да Лукашэнкі, але і падтрымка новых кандыдатаў, якія невядомыя грамадзтву, гэта таксама сьведчыць пра тое, што ня будзе гэты рэжым кіраваць Беларусьсю ўвесь час. Краіна ня будзе такой, якой мы яе бачым цяпер, пры Лукашэнку. Так, будуць зьяўляцца людзі. І зьяўляюцца. Гэта адбудзецца таму, што лідэры за кратамі. Я ня думаю, што выпусьцяць Бабарыку.
— Як вы мяркуеце, ці зарэгіструюць яго кандыдатам на прэзыдэнта?
— Думаю, што не павінны зарэгістраваць і не павінны вызваліць да так званых выбараў. Ён сам сказаў, што калі мяне ня будуць рэгістраваць, уявіце 300 тысяч людзей, якія прыйдуць абараняць мяне. Пра гэта трэба думаць камандзе. Падтрымка павінна быць усім палітвязьням — і Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу, якія ня ўдзельнічаюць у выбарах, але іх роля вялізарная. І Максіму Вінярскаму і Вользе Мікалайчык, якія цяпер за кратамі. Трэба мабілізаваць людзей у падтрымку свайго лідэра, патрабаваць вызваленьня. Мы робім гэта таксама праз свае замежныя каналы. Цяпер важныя і пэтыцыі, і ўсё, што накіравана на вызваленьне людзей.
«Калі знойдзеш сілы і звольнісься, гэта будзе ня толькі для цябе, але для тваіх родных вялікая перамога»
— Апошні раз адстаўкі з прычыны нязгоды зь дзеяньнямі ўлады былі ў 1996 годзе — вы, Міхаіл Чыгір, Аляксандар Сасноў. Больш такіх учынкаў не назіраем. Чаму? Больш пільны падбор кадраў, страх? Якімі спосабамі можа выказаць незадаволенасьць намэнклятура? Ці варта на гэта спадзявацца?
— Прынцыпы прызначэньня — ляяльнасьць, халуйства. Гэта ўплывае і на прафэсіяналізм супрацоўнікаў. У 1996 годзе я ня ведаў, што Міхаіл Мікалаевіч прыме рашэньне пайсьці ў адстаўку. Была дамоўленасьць, што сыдуць 12 міністраў, сярод іх быў і Сянько (тагачасны кіраўнік МЗС. — РС). Я бачу, што з гэтымі людзьмі адбывалася потым, калі яны засталіся. Гэта была эрозія асобы. Я б там ня змог працаваць.
Я бачу, што з дыпляматычнай службай адбываецца, што адбываецца зь людзьмі... Гэта ўжо нейкае іншае жыцьцё. Можа, камфортнае фізычна, але разбуральнае для асобы. Зараз людзі павінны сыходзіць. Калі бачыш заявы пратэсту былых супрацоўніц дзяржаўных СМІ, ці спартоўцаў і актораў, то радуесься за іх, таму што яны захавалі сябе. Нават калі ты ўдзельнічаў у злачынствах улады, калі знойдзеш сілы, зробіш заяву і звольнісься, то гэта будзе ня толькі для цябе, але для тваіх родных, дзяцей вялікая перамога і падтрымка. Не чакайце лёсу Грабоўскага, які расказаў пра забойства. Нават ён знайшоў сілы пакаяцца...
«Пачыналі казаць, што гэта лібэрал ва ўладзе. Не, гэта чалавек, які выконвае і выканае ўсе загады»
— Пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі ў МЗС запрасілі амбасадараў краінаў ЭЗ, і старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю паведаміў ім пра тое, у чым, паводле КДК, абвінавачваюць патэнцыйнага кандыдата. Як расказваў пазьней адзін з дыпляматаў, старшыня КДК паводзіў сябе як гаспадар, падчас сустрэчы адчувалася агрэсія. Вы самі дыплямат — як вы расцэньваеце такую практыку інфармаваньня амбасадараў?
— Я ацэньваю, што гэта — як дыпляматаў запрасілі ў аддзел НКВД. Добра, што яны выйшлі ўсе адтуль. Сёньняшні міністар рыхтаваў правакацыі яшчэ ў 2010 годзе. Пачыналі казаць, што гэта лібэрал ва ўладзе. Не, гэта чалавек, які выконвае ўсе загады і выканае ўсе загады. Гэта ўжо не дыпляматыя. Гэта нават не прапаганда. Гэта гэбэшныя мэтады запалохваньня. Каго? Дыпляматаў.
— Вы казалі пра правакацыі ў 2010 годзе. Што маеце на ўвазе?
— Гэта ж кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта (Уладзімер Макей быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта з 2008 па 2012 год. — РС) сказаў, што рыхтуюцца правакацыі апазыцыі з выкарыстаньнем выбуховых прыладаў і зброі. Такі быў сцэнар расьпісаны, такая роля. І цяпер ён выконвае ўсё гэта. На жаль, і МЗС выконвае ўсе гэтыя загады. Але я чакаю.
Кантактаў у мяне цяпер ніякіх няма. Ведаю, можа, некалькіх людзей, якія працуюць у амбасадах, нават амбасадарамі прызначаныя. Дык вось, сыходзьце, хлопцы і лэдзі, сыходзьце ад гэтага сораму, з гэтых пасадаў. Рабіце заявы. Мы ўсё гэта праходзілі яшчэ ў Савецкім Саюзе. Гэта былі надзвычайныя здарэньні для сыстэмы МЗС, але такія людзі адразу станавіліся ўплывовымі людзьмі для суграмадзянаў, ня толькі на Захадзе.
Сыходзьце! Так я магу зьвярнуцца да сваіх былых калегаў. Сумленьне будзе, спаць будзеце нармальна, лёс ваш будзе іншы, і жыцьцё ваша будзе іншае. Сыходзьце! Калі не рызыкуеце вяртацца, можаце пажыць крыху за мяжой. Я ўпэўнены, што няшмат засталося гэтаму рэжыму.
«Пакуль што Цапкала, як і Бабарыка, выказваецца даволі асьцярожна, калі ня больш чым асьцярожна»
— Наколькі добра вы знаёмыя з былым дыпляматам Валерам Цапкалам? Як ацэньваеце ягоны ўдзел і пэрспэктывы?
— Я даволі добра знаёмы з Цапкалам. Я не магу зразумець матывацыю, шчыра кажучы, таму не магу ацэньваць. Бабарыка для мяне дагэтуль нейкая таямніца, таму што гэта іншае. А тут Валер Цапкала, які шмат працаваў паслухмяна, адзін раз выказаўся нэгатыўна і адразу быў звольнены. І цяпер камсамольцы кіруюць тым, чым ён займаўся (Паркам высокіх тэхналёгій, які ствараў і ўзначальваў Валер Цапкала. — РС). Гартуюцца людзі ў такіх кампаніях. І мы, сапраўды, зможам пабачыць па наступных кроках, што ён сабой уяўляе, ці будзе імкнуцца да рэгістрацыі, што будзе рабіць. Пакуль што ён, як і Бабарыка, выказваецца даволі асьцярожна, калі ня больш чым асьцярожна.
— Валер Цапкала прыходзіў на ланцуг салідарнасьці ў Менску пасьля затрыманьня Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, ягоная жонка выказвала ў відэазвароце салідарнасьць са Сьвятланай Ціханоўскай. Пэўныя крокі робяцца для падтрымкі людзей, якія трапляюць пад рэпрэсіі...
— Гэта добра. Дробныя крокі, але гэта — добрыя крокі ў слушным кірунку. Я чакаю моцных заяваў ад камандаў былых намэнклятурных кандыдатаў у падтрымку палітвязьняў. Гэта павінна быць пунктам нумар адзін.
— Вы называеце гэта ня выбарчай, а палітычнай кампаніяй, назвалі трох сурʼёзных кандыдатаў. Каму вы сымпатызуеце?
— Безумоўна, Сяргею Ціханоўскаму, таму, што ён робіць і як гэта робіць. Ён запусьціў звышпапулярны лёзунг «Стоп таракан», за якім ужо падцягнуўся «Саша 3%». Гэта тое, што і мы робім, што «Эўрапейская Беларусь» робіць, гэта мабілізацыя людзей супраць гэтай улады, супраць гэтага рэжыму. Тое, што яго першага кінулі за краты, сапраўды азначае, што ён быў і застаецца вельмі небясьпечны для Лукашэнкі.
«Я б хацеў, каб Сьвятлана перамагла на сумленных выбарах»
— Але ж патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта — гэта Сьвятлана Ціханоўская, ягоная жонка. Калі будзе рэгістрацыя, то гэта яна будзе зарэгістраваная. Яна з кожным днём становіцца ўсё больш значнай грамадзкай фігурай. Як вы ацэньваеце яе пэрспэктывы як палітыка?
— Яе пэрспэктывы я ацэньваю зыходзячы з таго, што яна зрабіла. Яна ўстала мужна, каб абараніць свайго мужа, і працягвае гэта рабіць. Мы бачылі, як яна вагалася. Тое, што яна вырашыла працягваць свой удзел, гэта вельмі мужны крок. Я думаю, што я б хацеў, каб яна перамагла на сумленных выбарах. Але ж гэта немагчыма будзе. Мы вельмі ўсьцешаныя, што яна застаецца ў гэтай бруднай кампаніі, якую разьвязаў Лукашэнка супраць Сяргея, і вытрымлівае ўсё гэта. Як палітык? Яна ня бачыць сябе палітыкам.
— У Беларусі часам хутка палітыкамі становяцца. Ірына Красоўская стала грамадзкім дзеячам, практычна палітыкам праз трагічны лёс мужа. Хто ведае.
— Калі ў яе будзе жаданьне, я гатовы падтрымаць, але сама яна выказваецца, што жаданьня няма, а без жаданьня асобы гэта проста немагчыма.
— І цяпер ёй, як і вашай сямʼі ў 2011 годзе, пагражалі, што могуць дзяцей забраць...
— Гэтага ніколі нікому не даруюць. Як кажуць, ні людзкі, ні Боскі суд гэтага не даруе мярзотнікам, хто гэта робіць — тым, хто аддае загады, і тым, хто ажыцьцяўляе іх супраць жанчын і дзяцей.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.