Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Google створыць у Польшчы «воблачны рэгіён» за $2 мільярды


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кампанія Google плянуе рэалізаваць у Польшчы інвэстыцыйны праект на суму каля 2 мільярдаў даляраў. Пра гэта паведаміла газэта Puls Biznesu.

Паводле выданьня, ідзецца аб стварэньні цэнтру апрацоўкі дадзеных з выкарыстаньнем паслугаў Cloud (гэтак званага «воблачнага рэгіёну»).

«Рэгіён Google Cloud у Варшаве — гэта найбуйнейшая інвэстыцыя на рынку ў інфраструктуру гэтага тыпу ў Польшчы, — сказала дырэктарка ў пытаньнях разьвіцьця бізнэсу Google Cloud у Польшчы ды Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе Магдалена Дзеўгуць. — Мы рыхтуемся запусьціць яе ў пачатку 2021 году».

Газэта мяркуе, што аб’ём інвэстыцыі складзе 1,5–2 мільярды даляраў. Праект стане часткай пашырэньня вылічальнай і тэлекамунікацыйнай інфраструктуры ў Эўропе, якое вядзецца з 2007 году і дагэтуль абышлося кампаніі больш чым у 15 мільярдаў эўраў.

Дата-цэнтры і рэгіёны Google Cloud цяпер працуюць у васьмі эўрапейскіх краінах. Варшава стала першым такім горадам у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

«Воблачны рэгіён Google у Варшаве будзе такім самым тыпам інфраструктуры, які працуе ў іншых месцах у Эўропе і ў сьвеце — у Цюрыху, Лёндане, Токіё або Лос-Анджэлесе. Зь меркаваньняў бясьпекі мы не інфармуем пра яго дакладнае разьмяшчэньне», — адзначыла Магдалена Дзеўгуць.

У траўні сёлета кампанія Microsoft таксама заявіла, што ўкладзе 1 мільярд даляраў у Польшчы паводле пляну, які прадугледжвае адкрыцьцё ў краіне цэнтру апрацоўкі дадзеных з выкарыстаньнем паслугаў Cloud для бізнэсу і дзяржаўных установаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG