Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самой цікава, ці можа незалежны сябар камісіі на нешта ўплываць». Як беларусы спрабуюць трапіць у выбарчыя камісіі


Кожны паўналетні грамадзянін Беларусі можа стаць сябрам участковай выбарчай камісіі. Ініцыятыва «Сумленныя людзі» тлумачыць, як гэта зрабіць законна і хутка. Цяпер такіх ахвочых некалькіх сотняў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Свабода сабрала некалькі гісторыяў людзей, які хочуць трапіць у склад участковых выбарчых камісіяў.

«У грамадзтве ёсьць вялікая патрэба ведаць, што галасы падлічаныя сумленна»

Ёсьць ходкая фраза, якую прыпісваюць Сталіну: «Ня важна, як прагаласуюць, а важна, як палічаць». Паводле назіраньняў праваабаронцаў, у складзе камісіяў пераважная большасьць прадстаўнікоў праўладных партыяў і грамадзка-дзяржаўных аб’яднаньняў, кшталту Камуністычнай партыі Беларусі, «Белай Русі», Беларускага саюзу жанчын, БРСМ.

Два тыдні таму была створаная плятфома «Сумленныя людзі», мэта якой паказаць права кожнага чалавека на свабодны ўдзел у сумленных выбарах.

Каб дапамагчы людзям стаць сябрамі ўчастковай выбарчай камісіі і рэальна ўдзельнічаць у падліку галасоў, распрацавалі падрабязны альгарытм: як падаць заяву, якія дакумэнты сабраць, куды іх несьці, расказаў каардынатар Аляксандар Хоміч.

«Ідэя нашага руху простая: няхай пераможа наймацнейшы. Мы не заклікаем галасаваць за нейкага канкрэтнага кандыдата. Але ў грамадзтве ёсьць вялікая патрэба ведаць, што гэтыя галасы падлічаныя сумленна. Для гэтага неабыякавыя людзі вылучаюцца ў выбарчыя камісіі.

Мы дапамагаем падрыхтаваць дакумэнты на падачу ў выканкам. Стварылі адпаведныя формы, дапаможнікі, надаем юрыдычную дапамогу, адказваем на пытаньні. Наша задача — ахапіць як мага больш гарадоў, участкаў, дзе будуць незалежныя сябры камісіяў», — кажа каардынатар плятформы Аляксандар Хоміч.

Усяго ў Беларусі створана 5767 выбарчых участкаў.

«Мы стварылі мапу, на якой ў рэальным часе паказана, на якіх ўчастках падалі заявы ў камісіі. Задача цяжкая — ахапіць усе ўчасткі. Да таго ж верагодна, што ня ўсіх зарэгіструюць.

Ёсьць і яшчэ адна праблема: многія маюць вялікае жаданьне трапіць у камісіі, але ж людзі працуюць і ня ўсе могуць адарвацца ад працы як мінімум на тыдзень — бо трэба працаваць цягам чатырох дзён датэрміновага галасаваньня, у асноўны дзень галасаваньня — і да моманту падліку галасоў», — патлумачыў Аляксандар Хоміч.

Час яшчэ ёсьць — дакумэнты выканкамы прымаюць да 21 чэрвеня. На жаль, трапіць на паседжаньне, дзе будуць зацьвярджаць сябраў участковых камісіяў, не выпадае праз каранавірус.

Але абскардзіць рашэньне, калі кагосьці не ўключылі, можна.

«Мне самой шалёна цікава, ці можа адзін незалежны сябар камісіі на нешта ўплываць»

Арганізатарка штогадовага фэстывалю «WATCH DOCS Belarus», шматдзетная маці Тацяна Гацура летам жыве ў вёсцы недалёка ад сталіцы. Тыдзень таму падала заяву на ўключэньне ва ўчастковую камісію на сельскай выбарчай акрузе ў Лагойскі райвыканкам.

Тацяна расказала, што лёгка сабрала подпісы ў свай вёсцы: нават не пайшла да бабуляў, зь якімі сябруе, а пакінула паведамленьне ў школьным чаце, зайшла ў мясцовую краму і проста зьвярталася да людзей на вуліцы.

Тацяна Гацура
Тацяна Гацура

«Маю ўражаньне, што ўсе стаміліся ад таго, што адбываецца, людзі ня вераць, што сапраўды пра іх клапоцяцца, яны не адчуваюць, што нешта вырашаюць, і ім гэта не падабаецца, таму падпісваліся ахвотна», — кажа Тацяна.

У Лагойскім райвыканкаме яе заява было поўнай нечаканасьцю, паўсюль Тацяну суправаджаў юрыст. Заяву зарэгістравалі пад № 3 — сьпяшалася падаць адной зь першых, каб не казалі, што, маўляў, «позна падалі, камісія не гумовая». Вынік будзе вядомы 21 чэрвеня. Звычайна ў камісіі ад 15 да 21 чалавека.

«Я размаўляла зь пяцьцю асобамі, якія раней былі сябрамі камісіяў. Па-першае, некаторыя даведваюцца, што іх уключылі ў камісіі, у апошні момант, людзей паставілі перад фактам, і, вядома, яны працуюць на дзяржаўным прадпрыемстве або службе, што ставіць іх у залежнае становішча. Таму самыя гэтыя людзі кажуць, што калі ў камісіі ёсьць незалежны чалавек, гэта, вядома, павышае шанцы не дапусціць фальсыфікацыяў — проста таму што ён можа не маўчаць. Мне самой шалёна цікава, ці можа адзін незалежны сябар участковай камісіі на нешта ўплываць», — кажа Тацяна Гацура.

«Гэта адзіны рэальны інструмэнт, які можа зрабіць выбары сумленнымі»

Тацяна Кузьняцова, якая працуе ў «Цэнтры экалягічных рашэньняў», зьбірае дакумэнты і спадзяецца ўсё пасьпець да 19 чэрвеня. Падштурхнула яе ініцыятыва «Сумленныя людзі», прызнаецца дзяўчына.

Тацяна Кузьняцова
Тацяна Кузьняцова

«Мне здаецца, гэта адзіны рэальны інструмэнт, які можа зрабіць выбары празрыстымі, сумленнымі, адкрытымі. Ня вельмі шмат надзеі, што я траплю ў камісію. Але ў мяне лёгіка такая: раблю ўсё, што магу», — кажа Тацяна.

Участак, на якім яна хоча стаць сябрам камісіі, знаходзіцца ў будынку школы № 4 на Чырвонаармейскай. Звычайна ў выбарчай камісіі там былі настаўнікі. Раён даволі стары і невялікі, жыве там старая намэнклятура: вуліцы Чырвонаармейская, Карла Маркса, Янкі Купалы, Энгельса, праспэкт Незалежнасьці.

«Ёсьць некалькі шляхоў трапіць у камісію. Я вырашыла ісьці шляхам збору подпісаў. На ўсялякі выпадак я рыхтую яшчэ рэкамэндацыйныя лісты сваёй асноўнай працы і з кампаніі, зь якой я супрацоўнічала. Два рэкамэндацыйныя лісты ў мяне дакладна будзе. Спадзяюся, гэта будзе дадатковай падтрымкай. Хачу напісаць яшчэ і сваю біяграфію — каб ведалі, хто я і адкуль».

Тацяна Кузьняцова — выпускніца факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, вучылася таксама ў Балёнскім унівэрсытэце (Італія).

«У мяне часова апалітычная пазыцыя. Мне самой цікава — як насамрэч прагаласуюць»

Алена, мэнэджэр прыватнай кампаніі, перакладнік паводле спэцыяльнасьці, кажа, што ніколі палітыкай не цікавілася. Але вырашыла ісьці ў выбарчую камісію.

«Я маю свае погляды, перакананьні, але публічна шырэй за сваю старонку ў фэйсбуку іх не выказваю, дый то зрэдку. Часам я ўцягваюся ў аднаразовыя ініцыятывы, але ненадоўга — займаюся, да прыкладу, валянтэрствам.

Да выбараў маю шматузроўневы інтарэс. Па-першае, сабраць дакумэнты. Як прымуць? Бо некаторыя апавядалі, што без праблем, а іншыя — што ганялі па кабінэтах. Яшчэ адзін інтарэс — возьмуць ці ня возьмуць. Дый галоўны інтарэс — як гэта адбываецца знутры, як людзі галасуюць, ці актыўна, як камісія лічыць.

Спачатку, праўда, запытвалася ў суседзяў: калі я пайду, вы падпішаце? „Так“, — адказвалі. Гэта стала матыватарам», — расказала Алена.

Подпісы яна сабрала даволі лёгка. Проста абышла пад’езд пяціпавярховіку, дзе жыве. Адмовіла Алене толькі адна жанчына.

«Прычым з суседзямі я толькі ветліва віталася, блізка не сябрую ні з кім. Яшчэ адзін цікавы факт: суседка, якая раней была сябрам выбарчай камісіі ад сваёй установы, зьдзівілася: „А што, так можна стаць сябрам камісіі?“ Як высьветлілася, яе проста ставілі перад фактам, што яна сябра выбарчай камісіі.

Некаторыя казалі: навошта табе гэта трэба? Некаторыя прасілі паведаміць, ці траплю я ў камісію. Таксама людзі пыталіся, за каго галасаваць. Аднак парадаў я не давала. У мяне часова апалітычная пазыцыя. Сумленны падлік — галоўнае. Мне цікава — як насамрэч прагаласуюць», — кажа Алена.

Яна таксама вырашыла далучыць да заявы і дзясятку подпісаў суседзяў рэкамэндацыйныя лісты з кампаніяў, дзе яна працавала.

Сьпісы ўключаных ва ўчастковыя выбарчыя камісіі абяцаюць апублікаваць 24 чэрвеня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG