Экспэрты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавалі чарговы тыднёвы маніторынг прэзыдэнцкай кампаніі. Ён тычыцца этапу збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі ў вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі цягам 1—7 чэрвеня.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Назіральнікі адзначаюць, што найбольшую ўвагу выбарнікаў і СМІ прыцягваюць Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Сьвятлана Ціханоўская, пры гэтым асабліва нэгатыўную рэакцыю ўладаў, у тым ліку і кіраўніка дзяржавы, выклікалі пікеты ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.
У розных гарадах Беларусі цягам тыдня адбываліся затрыманьні і арышты актывістаў. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а менавіта ў пікетах, якія адбываліся ў месцах, не забароненых рашэньнямі выканаўчых органаў улады.
Ад моманту затрыманьня ў Горадні 29 траўня блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ сем чалавек (чацьвёра зь іх сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай) знаходзяцца ў СІЗА Менску ў якасьці падазраваных у крымінальнай справе аб гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Цяпер адбываюцца актыўныя сьледчыя дзеяньні: допыты сведак, ператрусы ў прыватных і службовых памяшканьнях Ціханоўскага і ягоных прыхільнікаў.
Пры гэтым збор подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты дзейнага кіраўніка дзяржавы суправаджаецца шматлікімі паведамленьнямі пра выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу.
У цэлым прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць працяг тэндэнцыі павелічэньня рэпрэсій у выбарчы пэрыяд, у тым ліку супраць непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі, і нагнятаньне ўладамі напружанасьці і атмасфэры страху ў грамадзтве.
Назіраньне за выбарамі прэзыдэнта ажыцьцяўляюць Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.