Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страх, запалохваньні, ціск. Пяць высноваў праваабаронцаў пра мінулы тыдзень выбарчай кампаніі


Траціна кандыдатаў на прэзыдэнцтва ў Беларусі траплялі ў турму.
Траціна кандыдатаў на прэзыдэнцтва ў Беларусі траплялі ў турму.

Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна» у рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падсумавалі падзеі чарговага тыдня выбарчай кампаніі з 8 па 14 чэрвеня.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як і ў папярэдніх справаздачах, канстатавана, што сёлетняя кампанія выбараў прэзыдэнта дзяржавы праходзіць у «атмасфэры страху, запалохваньня выбарцаў і ціску на актывістаў ініцыятыўных групаў».

  • Адбываецца прэсінг актывістаў ініцыятыўнай групы па вылучэньні Сьвятланы Ціханоўскай. Прэтэндэнтка мусіла скасаваць пікеты ў буйных гарадах, асьцерагаючыся за сваіх прыхільнікаў.
  • Гэта ж тычыцца прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. У людей зь яго атачэньня, у цэнтральным і рэгіянальных офісах «Белгазпрамбанку», у кампаніях-кампаньёнах прайшлі ператрусы. Сканфіскаваныя грошы і матэрыяльныя каштоўнасьці.
  • Нягледзячы на затрыманьні актывістаў, пікеты для збору подпісаў праходзяць у большасьці рэгіёнаў у адносна спакойных абставінах, безь перашкодаў з боку мясцовых уладаў і сілавых структураў. У некаторых гарадах стаяць чэргі да альтэрнатыўных кандыдатаў.
  • ​Пэўныя назіральнікі атрымалі адказы на свае пісьмовыя звароты аб забесьпячэньні магчымасьці назіраць працэдуру праверкі подпісаў. Ва ўсіх выпадках тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі адмовілі ім, спасылаючыся на тое, што Выбарчы кодэкс гэтага не прадугледжвае.
  • Фіксаваліся факты выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу і аказаньня ціску падчас збору подпісаў у падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы. Нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што на прыватных прадпрыемствах звальняюць тых, хто адмаўляецца падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, назіральнікамі не адзначаны ніводзін такі выпадак.

Назіральнікі таксама адзначаюць, што у большасьці беларускіх СМІ тэма пандэміі COVID-19 як інфармацыйная нагода адсунулася на другі плян у параўнаньні з навінамі выбарчай кампаніі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG