Спэцыяльная камісія ў пытаньнях маральнасьці і духоўнасьці загадала зьняць са сьцяны смузі-бару ў Ташкенце малюнак-банэр зь дзяўчынай у купальніку, піша «Re: post».
У раённай адміністрацыі ўдакладнілі, што малюнак не адпавядае маральным прынцыпам. Раней малюнак прыкрылі паперай, але гэтага аказалася недастаткова, і ў адміністрацыі папрасілі яго дэмантаваць.
Ва Ўзбэкістане праблемамі маральнасьці занепакоеныя ў шэрагу дзяржаўных міністэрстваў і ўстаноў, напрыклад у Камітэце жанчын Узбэкістану. Яго кіраўнік Эльміра Басітханава называла жанчын, якія гандлююць на рынку, бездухоўнымі і неадукаванымі.
Таксама ў краіне кантралююць зьнешні выгляд, паводзіны і рэпэртуар артыстаў: аб’яднаньне «Узбэкканцэрт» можа ня выдаць ліцэнзіі на выступы тым, хто «не адпавядае этыцы і нацыянальным звычаям» ці мае «амаральнае аблічча». З прычыны адкрытых касьцюмаў забаранілі выступаць з канцэртамі сьпявачцы Лоле Юлдашавай.