17 чэрвеня ў Сьветлагорску судзілі праваабаронцу Алену Масьлюкову. 31 траўня яна была на цэнтральнай плошчы, назірала за акцыяй «Кармленьне галубоў». Жыхар Сьветлагорску на некалькі хвілін разгарнуў плякат «Свабоду Ціханоўскаму!». Міліцыя ацаніла гэта як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
На чатырох удзельнікаў акцыі, у тым ліку на праваабаронцу, міліцыя склала пратаколы.
«Віктар Ахрамчук разгарнуў гэты плякат літаральна на некалькі хвілін. Гэта зафіксавалі міліцыянты, якія ўпотайкі сочаць за намі», — сказала Алена Масьлюкова.
Пратаколы міліцыя склала на яе, Віктара Ахрамчука, Сяргея Бяствіцкага і Вадзіма Паветку.
Судзьдзя Галіна Гулевіч вырашыла, што Алена Масьлюкова «прымала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» і пакарала яе штрафам 810 рублёў.
«Яна абсалютна ня слухала маіх довадаў, што я была на плошчы як правааабаронца і назіральніца за выбарамі, сачыла, каб не парушалі заканадаўства», — дадала праваабаронца.
Сёньня будуць судзіць і Віктара Ахрамчука, 19 чэрвеня — Сяргея Бяствіцкага. Вадзім Паветка пакуль не атрымліваў позвы ў суд.
Алена Масьлюкова назвала прысуд «зьдзекам з правоў чалавека» і заявіла, што суд ня слухаў доказаў невінаватасьці. Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч заявіў, што адміністрацыйны працэс супраць Маслюковай расцэньваецца як перашкода ў ажыццяўленьні ёй легітымнай дзейнасьці як назіральніцы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.