Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнік акцыяў пратэсту папрасіў у сеціве дапамагчы яму сплаціць штрафы


Станіслаў Паўлінковіч
Станіслаў Паўлінковіч

Беспартыйны актывіст з Магілёва Станіслаў Паўлінковіч просіць ахвяраваць яму 3000 рублёў на сплату штрафаў і выдаткаў, зьвязаных з адбываньнем адміністрацыйнага арышту.

Зварот ён апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook. Піша, што летась за пратэст супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй яго аштрафавалі на 1458 рублёў. Сёлета ў траўні прысудзілі яшчэ 1250 рублёў за непадпарадкаваньне міліцыі. Акрамя таго, застаюцца нясплачаныя выдаткі за адбываньне 15-суткавага арышту за «кармленьне галубоў на знак салідарнасьці зь берасьцейцамі» ды яшчэ пеня за нясплату.

Паўлінковіч кажа: пакуль ня сплаціць штрафы, устрымаецца ад удзелу ў акцыях пратэсту, іначай «ніколі за іх не расплаціцца».

Хто такі Станіслаў Паўлінковіч

Станіславу Паўлінковічу 31 год. Працуе на Магілёўскім мэталюргічным заводзе. Па ягоных словах, мае заробак у 750 рублёў. У канцы году сканчаецца працоўны кантракт, які «могуць не падоўжыць». Актывіст не выключае, што штрафы пачнуць прымусова спаганяць з заробку.

«Пакуль судовыя выканаўцы мяне не турбавалі, хоць тэрмін добраахвотнай выплаты скончыўся 7 траўня, — тлумачыць сытуацыю актывіст. — Зразумела, я хацеў бы сплаціць штрафы і спакойна жыць. Паводле закону ў мяне могуць вылічваць з заробку на спагнаньне штрафаў да 50 працэнтаў».

У акцыях пратэсту ўдзельнічае з 2015 году, «каб зьмяніць сытуацыю ў краіне, але пакуль плёну ад іх асаблівага няма». За гэты час пад арыштам адседзеў 26 сутак. У 2017 годзе на яго заводзілі крымінальную справу за нібыта распаўсюджваньне відэароліка парнаграфічнага зьместу. Яе спынілі праз «адсутнасьць доказаў, якія сьведчаць аб датычнасьці Паўлінковіча да зьдзейсьненага злачынства».

Тры гады Станіслаў Паўлінковіч быў сябрам аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада». У 2019 годзе выйшаў, бо «не сышоўся ў поглядах з кіраўніком наконт будучыні Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG