Прэсавая служба «Белгазпрамбанку» паведаміла, што ад 17 чэрвеня ў поўным аб’ёме аднаўляюцца апэрацыі, прыпыненыя напярэдадні з «тэхнічных прычынаў».
Гэта тычыцца здыманьня наяўнай замежнай валюты на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаньнем банкаўскай аплатнай карткі «Белгазпрамбанку», унясеньня наяўных рублёў на бягучы рахунак, пераводаў у замежнай валюце паміж банкаўскімі аплатнымі карткамі, безнаяўных апэрацыяў у замежнай валюце.
Аб прыпыненьні некаторых апэрацыяў паведамілі 16 чэрвеня.
За дзень да таго кіраваць «Белгазпрамбанкам» была прызначаная часовая адміністрацыя на чале з экс-старшынёй Нацыянальнага банку Надзеяй Ермаковай. Паўнамоцтвы ранейшага праўленьня ўстановы прыпыненыя.
Расейскія акцыянэры — «Газпромбанк» і «Газпром» — назвалі рашэньне беларускіх уладаў незаконнымі і паабяцалі адказаць адпаведнымі праўнымі захадамі.
Былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» і прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду на выбарах прэзыдэнта Віктар Бабарыка параўнаў умяшаньне дзяржавы ў справы банку з рэйдэрскім захопам.