Сёньня закрытым тайным галасаваньнем дэпутаты парлямэнту Армэніі далі згоду на крымінальны перасьлед кіраўніка апазыцыйнай фракцыі «Квітнеючая Армэнія» Гагіка Царукяна.
Зь яго зьнялі дэпутацкі імунітэт і далі згоду на арышт.
Служба нацыянальнай бясьпекі (СНБ) Армэніі ўзбудзіла адразу тры розных крымінальныя справы, зьвязаныя з Гагікам Царукянам. Адна за подкуп выбарнікаў на парлямэнцкіх выбарах 2017 году. Другая за працу без ліцэнзіі казыно «Шангры-Ла», якое належыць Царукяну. Трэцяя за незаконнае адчужэньне зямлі на карысьць кампаніі Царукяна.
Гагік Царукян лічыць крымінальныя справы сфабрыкаванымі, сьцьвярджаючы, што супраць яго ажыцьцяўляецца палітычны перасьлед. Ён, у прыватнасьці, зьвязвае гэта са сваімі заявамі пра неабходнасьць зьмены ўраду.
Прадстаўнікі ўлады заяўляюць, што пытаньне знаходзіцца выключна ў прававой плашчыні, і што Царукян пачаў заклікаць да зьмены ўраду пасьля таго, як стала ясна, што ў дачыненьні да яго можа быць распачаты крымінальны перасьлед.
Паводле армянскіх СМІ, Гагік Царукян, з домам якога мяжуе беларуская амбасада, лічыцца сябрам Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі неаднаразова сустракаўся зь ім у Армэніі і нават прысутнічаў на асьвячэньні царквы, пабудаванай на грошы алігарха.
У 2010 годзе, калі ў Ерэване пачаў працу армяна-беларускі цэнтар аптовага гандлю, на Ерэванскім каньячным заводзе Царукян заклаў у гонар Колі Лукашэнкі 400-літровую бочку каньяку. Бочка чакае, калі Коля стане дарослым.
У верасьні 2013 году Лукашэнка ўзнагародзіў Царукяна беларускім ордэнам Дружбы народаў, а ў кастрычніку 2016 году Царукян падараваў 12-гадоваму сыну Лукашэнкі Мікалаю чатырох белых паўночнаафрыканскіх ільвянятаў.
Прыхільнікі Царукяна ўжо некалькі дзён ладзяць масавыя акцыі пратэсту на вуліцах Ерэвану. У аўторак яны сабраліся ля будынку парлямэнту, пасьля чаго, як паведамляе прэс-служба паліцыі, былі затрыманыя больш за 100 чалавек. У выходныя падчас гэткіх жа пратэстаў былі затрыманыя больш за 250 чалавек.