Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША адклікалі дазвол ужываць гідроксіхлёрахін супраць COVID-19. Ім карыстаўся Трамп


Адміністрацыя харчаваньня і лекаў Злучаных Штатаў (FDA) 15 траўня адклікала ліцэнзіі на ўжываньне ў пільнай патрэбе хлёрахіну і гідроксіхлёрахіну як экспэрымэнтальных сродкаў ад COVID-19.

Паводле FDA, аналіз вынікаў лекаваньня і зьвестак навукоўцаў паказаў, што сродкі «наўрад ці эфэктыўныя» супраць новага каранавірусу, але даюць моцныя пабочныя эфэкты, у тым ліку на сэрцы, таму патэнцыйныя станоўчыя эфэкты не пераважваюць рызыкі.

Разам з тым хлёрахін і гідроксіхлёрахін па-ранейшаму дазваляюць у ЗША ўжываць ад малярыі, гідроксіхлёрахін — таксама ад аўтаімунных хваробаў, напрыклад рэўматоіднага артрыту або ваўчанкі. Стасоўна гэтых хваробаў прэпараты паказалі эфэктыўнасьць і лічацца дастаткова бясьпечнымі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у траўні казаў, што прымаў прэпарат для прафіляктыкі і скончыў двухтыднёвы курс ужываньня прэпарату.

Эфэктыўнасьць прэпарату ад каранавірусу практычна нулявая

У канцы пазамінулага тыдня мэдычны часопіс The Lancet адклікаў публікацыю пра рызыкі ўжываньня гідроксіхлёрахіну пры лячэньні каранавіруснай інфэкцыі — аўтары не змаглі падаць зьвесткі для праверкі сапраўднасьці крыніц дасьледаваньня. Са зьнятага матэрыялу вынікала, што прэпарат можа быць неэфэктыўным пры лячэньні COVID-19, а ў кантрольных групаў дасьледаваньня выявілі падвышаную сьмяротнасьць.

У канцы траўня пасьля публікацыі ў The Lancet Сусьветная арганізацыя здароўя прыпыніла клінічныя выпрабаваньні гідроксіхлёрахіну і хлёрахіну ў якасьці патэнцыйнага сродку супраць COVID-19. 3 чэрвеня САЗ абʼявіла пра аднаўленьне тэстаў. У Беларусі працягвалі ўжываць хлёрахін і гідроксіхлёрахін для хворых на COVID-19.

Але часопіс Science адзначае, што хоць дасьледаваньне з Lancet было адкліканае, тры вялікія дасьледаваньні не паказалі эфэктыўнасьці прэпарату ў барацьбе з COVID-19

Пакуль ні лекаў, ні вакцынаў з даказанай эфэктыўнасьцю супраць вірусу SARS-CoV-2 і хваробы COVID-19 не знайшлі, але працягваюць іх пошукі ў розных краінах сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG