Міністэрства абароны Расеі выбрала 50 добраахвотнікаў зь ліку вайскоўцаў для клінічных выпрабаваньняў вакцыны ад COVID-19. Пра гэта паведамляюць расейскія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на заяву ваеннага ведамства.
Маецца на ўвазе вакцына, распрацаваная з удзелам 48-га Цэнтральнага навукова-дасьледчага інстытуту Міністэрства абароны Расеі. Першая група добраахвотнікаў прыбудзе ў інстытут 3 чэрвеня.
Пра тое, што расейскае Міністэрства абароны ўдзельнічае ў распрацоўцы вакцыны ад каранавірусу, стала вядома ў пачатку красавіка. Даклінічныя дасьледаваньні меркаванай вакцыны павінны былі скончыцца да 1 чэрвеня, такія тэрміны называў міністар абароны Сяргей Шайгу на нарадзе з прэзыдэнтам.
Праца вядзецца сумесна з Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі (НДЦЭМ) імя Н. Ф. Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі.
Завяршыць клінічныя выпрабаваньні вакцыны плянуецца да канца ліпеня.
22 траўня акадэмік Расейскай акадэміі навук Аляксандар Гінцбург паведаміў, што супрацоўнікі цэнтру праверылі на сабе патэнцыйную вакцыну ад каранавірусу SARS-CoV-2. Ні ў кога зь іх ня ўзьнікла пабочных эфэктаў, «усе жывыя, здаровыя і радуюцца», сказаў Гінцбург. Дадзеныя аб эфэктыўнасьці не прыводзіліся. Дакладную лічбу выпрабавальнікаў акадэмік не паведаміў. Гаворка ідзе пра так званую вэктарную вакцыну на аснове ДНК адэнавірусу, у якую ўбудаваны ген новага каранавірусу.
Віцэ-прэм’ер Расеі Тацяна Голікава паведамляла, што расейскімі спэцыялістамі адначасова вядзецца распрацоўка 47 вакцын ад COVID-19, а дырэктар Нацыянальнага дасьледчага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі прагназаваў, што масавая вакцынацыя ад COVID-19 можа стартаваць ужо восеньню 2020 году.
На мінулым тыдні мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што санітарныя абмежаваньні, уведзеныя для барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі, ня будуць цалкам зьнятыя да стварэньня вакцыны, якая абараняе ад хваробы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ