Ад 16 чэрвеня Рассельгаснагляд забараніў тром беларускім кампаніям транзыт прадукцыі ў Казахстан і Кіргізстан праз тэрыторыю Расеі.
Паводле расейскага ведамства, кампаніі-пасярэднікі «Рэсурс-2000», «Трэйд Мілк» і «Рык-Кіртэка» пастаўлялі транзытам у Казахстан сыр вытворчасьці «Мілкавіты», Шчучынскага масласырзаводу і Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату, але тавары не даехалі да краіны прызначэньня.
У Рассельгаснаглядзе мяркуюць, што так пад выглядам фальшывага транзыту ў Расею пастаўлялі сыры, на экспарт якіх у Расеі дзейнічаюць абмежаваньні.
Зьвесткі пра гэта Рассельгаснагляд абяцаў перадаць у Фэдэральную службу бясьпекі і Міністэрства ўнутраных справаў Расеі, каб тыя выявілі месцы паступленьня кантрабанды і пакаралі вінаватых.
Беларусь ня раз выказвала сваю незадаволенасьць дзеяньнямі Рассельгаснагляду. У 2019 годзе Аляксандар Лукашэнка абураўся расейскімі гандлёвымі бар’ерамі: «На храна патрэбен такі саюз». Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка на пазамінулым тыдні заявіў пра «выразна дыскрымінацыйныя» ўмовы працы беларускіх вытворцаў на расейскім рынку, «істотныя адрозьненьні» ў цане на газ, «аднабаковыя» зьмены ўмоваў паставак нафты, забарону ўвозіцб нафтапрадукты ў Расею, а таксама «цукровыя, гароднінныя, малочныя, мясныя і іншыя гандлёвыя войны».