Прэмʼер-міністар Кіргізстану Мухамэдкалый Абылгазіеў 15 чэрвеня падаў у адстаўку. У канцы траўня ён пайшоў у адпачынак на фоне крымінальнай справы, зьвязанай зь пераафармленьнем радыёчастот у Кіргізстане, і абвінавачваньняў у карупцыі.
«Я ўжо казаў і яшчэ раз хачу асабліва падкрэсьліць, што ня маю ніякага дачыненьня да гэтай справы, а абвінавачваньні, якія прагучалі ў мой адрас, ня маюць пад сабой ніякіх падставаў», — сказана ў заяве Абылгазіева.
«Справа аб частотах» тычыцца куплі апэратарам сотавай сувязі Beeline кіргіскай кампаніі AlaTV, якая валодала частатой 200 МГц. У сакавіку 2020 году новы ўладальнік перарабіў частату пад працу 4G-інтэрнэту. Паводле сьледчых, частата абышлася пакупніку вельмі танна ў выніку карупцыі службовых асоб у Дзяржаўным агенцтве сувязі і Дзяржаўным камітэце нацыянальнай бясьпекі, якія былі ў змове з прадстаўнікамі прыватных кампаній.
У рамках гэтай крымінальнай справы ўжо затрыманыя пяць чалавек, сярод якіх экс-дырэктарка Дзяржаўнага агенцтва сувязі Натальля Чарнагубава, двое супрацоўнікаў спэцслужбаў і прадстаўнік кампаніі AlaTV. У парлямэнце Кіргізстану таксама прагучалі абвінавачваньні на адрас прэмʼера, што ён мае дачыненьне да «справы аб частотах».
Абылгазіева зацьвердзілі прэмʼер-міністрам краіны ўвесну ў 2018 годзе.