Дырэкцыя ўнутраных водаў Літвы падпісала мэмарандум зь дзесяцьцю муніцыпалітэтамі аб разьвіцьці суднаходзтва, які прадугледжвае ачышчэньне дна Нёмана, піша Delfi.
Ачышчэньне плянуюць пачаць у красавіку 2021 году, правесьці яго ад Каўнаскай (Ковенскай) гідраэлектрастанцыі да мяжы зь Беларусьсю. Паводле кіраўніка дырэкцыі, для гэтага трэба закупіць новую тэхніку — зробяць гэта ўжо сёлета.
Тэарэтычна караблём можна будзе дабрацца ад Коўна да Чорнага мора.
У Літве спадзяюцца, што аднаўленьне суднаходзтва дасьць штуршок разьвіцьцю эканомікі і турызму, прыцягне інвэстыцыі.
«Ачышчэньне зойме прынамсі чатыры гады, — расказвае кіраўнік дырэкцыі Ўладзімір Вінакураў. — Вядома, на пэўных участках суднаходзтва стане магчымым ужо празь некалькі гадоў. Але калі казаць пра зносіны паміж Ковенскім вадасховішчам і Чорным морам ці нейкім месцам у Эўропе, што магчыма праз Польшчу, праз Аўгустоўскі канал, то тут прыйдзецца чакаць чатыры-пяць гадоў».