Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане далі 20 гадоў турмы экстрадаванаму з Аўстрыі апазыцыянэру


Хізбуло Шавалізада
Хізбуло Шавалізада

Вярхоўны суд Таджыкістану прысудзіў 20 гадоў пазбаўленьня волі экстрадаванаму з Аўстрыі апазыцыянэру Хізбуло Шавалізаду, піша Таджыцкая служба Радыё Свабода.

Шавалізада абвінавачваўся ва ўдзеле ў дзейнасьці экстрэмісцкай супольнасьці і дзяржаўнай здрадзе. Таджыцкія ўлады сьцьвярджаюць, што ён разам з членамі забароненай у краіне Партыі ісламскага адраджэньня нібыта прайшоў вайскова-дывэрсійную падрыхтоўку за межамі краіны.

У Вярхоўным судзе камэнтаваць вэрдыкт адмовіліся, спасылаючыся на грыф «сакрэтна». Бацька асуджанага сказаў, што бачыў сына ў СІЗА Душанбэ толькі адзін раз, аб прысудзе яму паведамілі праз тэлефон.

Хізбуло Шавалізада прыляцеў у Аўстрыю паўтара года таму і папрасіў прытулку, але аўстрыйскія ўлады яму адмовілі. 22 студзеня 2020 году яго арыштавалі. 2 сакавіка таджыцкая апазыцыя за мяжой сабралася ў Вене на знак пратэсту супраць магчымай экстрадыцыі апазыцыянэра ў Таджыкістан. Яны заявілі, што на радзіме да яго могуць ужыць катаваньні, а суд можа вынесьці ў дачыненьні да яго несправядлівае рашэньне. Нягледзячы на гэтыя пратэсты, у сакавіку Шавалізаду экстрадавалі ў Таджыкістан.

У верасьні 2019 году Польшча таксама выслала ў Таджыкістан чальца забароненай у Таджыкістане «Групы 24» Мустафу Хаётава. Прадстаўнікі арганізацыі заяўлялі аб магчымых катаваньнях, якія чакаюць Хаётава на радзіме, але потым апазыцыянэр у відэазвароце заявіў, што яго памілавалі.

Пры гэтым у 2019 годзе Беларусь ня выдала Душанбэ таджыцкага журналіста і апазыцыянэра Фархода Адынаева, затрыманага на літоўска-беларускай мяжы. Улады Таджыкістану абвясьцілі 42-гадовага Адынаева ў вышук паводле падазрэньня ў дачыннасьці да Партыі ісламскага адраджэньня Таджыкістану.

У 2014 годзе ў Таджыкістане абвясьцілі экстрэмісцкім заснаваны ў Маскве палітычны рух «Група 24» (яго лідэра забілі ў 2015-м), а праз год тэрарыстычнай арганізацыяй была прызнаная Партыя ісламскага адраджэньня Таджыкістану. Прадстаўнікі гэтых дзьвюх арганізацый нярэдка зазнаюць перасьлед у Таджыкістане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG