Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС пасьля ўдзелу міністра Ўладзімера Макея ў сустрэчы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін-чальцоў Эўрапейскага Зьвязу і краін-удзельніц Усходняга партнэрства ў фармаце відэаканфэрэнцыі, інфармуе Інтэрфакс.
«У якасьці аднаго з дасягненьняў Усходняга партнэрства Макей адзначыў ўступленьне 1 ліпеня ў сілу пагадненьня аб спрашчэньні выдачы візаў з Эўрапейскім Зьвязам і заявіў аб неабходнасьці хутчэйшага пачатку перамоваў аб новым рамачным пагадненьні Беларусь — ЭЗ», — паведамляе прэс-служба.
Акрамя таго, міністар падкрэсьліў важнасьць сумесных дзеяньняў для пераадоленьня сацыяльна-эканамічных наступстваў пандэміі каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, вітаў намер ЭЗ надаць дапамогу Беларусі ў гэтай сфэры, падзякаваў асобным краінам — сябрам ЭЗ, якія ўжо аказалі такую дапамогу.
Таксама ў паведамленьні прэсавай службы МЗС гаворыцца:
«У кантэксьце бачаньня далейшага разьвіцьця Ўсходняга партнэрства кіраўнік МЗС Беларусі акцэнтаваў важнасьць садзейнічаньня прыцягненьню замежных інвэстыцый, палягчэньня доступу краін-партнэраў на рынак Эўразьвязу, разьвіцьця энэргетычных і транспартных камунікацыяў, укараненьня „зялёных“ і інфармацыйных тэхналёгіяў. Міністар заклікаў падтрымаць прапанову Беларусі аб стварэньні ў Менску рэгіянальнай IT-школы Усходняга партнэрства».