Бізнэс, у тым ліку малы і сярэдні, можа разьлічваць на падтрымку дзяржавы, але павінна быць і адказнасьць гэтага бізнэсу, заявіў прэм'ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка, адказваючы на пытаньні дэпутатаў, паведамляе Tut.by.
«Малы і сярэдні бізнэс мусіць мець падтрымку, але, як кіраўнік дзяржавы акрэсьліў, Беларусь павінна заставацца індустрыяльнай краінай. У нашых умовах малы і сярэдні бізнэс ня зможа забясьпечыць такія маштабы і такія аб'ёмы, які дазволяць нам заставацца ў ліку індустрыяльна разьвітых краін», — заявіў Галоўчанка.
Пры гэтым ён адзначыў, што ёсьць сэктары, якія арганічна падыходзяць для малога і сярэдняга бізнэсу — сфэра паслуг, вытворчасьць невялікіх партый тавараў, бытавыя паслугі насельніцтву.
«Але пытаньне ў тым, што павінна быць і адказнасьць гэтага бізнэсу. У Беларусі створана нармальнае канкурэнтнае асяродзьдзе для разьвіцьця прадпрымальніцтва», — лічыць прэм'ер.
Пры гэтым Галоўчанка падкрэсьліў, што нельга ўсё кантраляваць з Авальнай залі і Дома ўраду, таму многія рашэньні аддадзены мясцовым уладам.