Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 143, які павінен мінімізаваць страты ад каранавірусу для эканомікі. Глядзім, чым ён дапаможа.
У дадатку да ўказу пералічаныя сфэры эканомікі, на якія могуць распаўсюджвацца меры падтрымкі. Агулам у пераліку некалькі дзясяткаў пазыцый: ад апрацоўчай прамысловасьці да цырульняў і салёнаў прыгажосьці. Глядзець пералік сфэр, якія можа падтрымаць дзяржава, можна тут.
На што яны могуць разьлічваць?
Растэрміноўка па падатках
Мясцовыя органы ўлады паводле ўказу могуць зьмяняць тэрмін выплаты падаткаў, якія прадпрымальнікі плацяць у мясцовыя бюджэты. Гэта тыя падаткі, якія трэба сплачваць з 1 па 30 верасьня.
Прадпрымальнікі могуць разьлічваць на адтэрміноўку падаткаў, падатковыя крэдыты і растэрміноўку.
Але каб атрымаць такую падтрымку, прадпрымальнікі мусяць своечасова плаціць усе іншыя падаткі.
Індывідуальным прадпрымальнікам даецца магчымасьць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладаньня і пераразьліку адзінага падатку ў сувязі з часовым неажыцьцяўленьнем імі дзейнасьці.
Мараторый на арэндныя стаўкі
Указ уводзіць мараторый на павышэньне арэндных ставак да 30 верасьня 2020 году. Арандадаўцам указам рэкамэндавана даваць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам адтэрміноўку па аплаце арэнды з улікам выручкі.
Мясцовыя органы ўлады могуць зьмяняць тэрміны арэнднай платы для арандатараў зямельных участкаў. Арандатары могуць разьлічваць таксама на крэдыт па арэндзе.
Улік розьніцы курсаў
Пагашэньне запазычанасьці за энэргарэсурсы ў замежнай валюце можна ажыцьцявіць па курсе рубля, устаноўленым Нацбанкам на 31 сьнежня 2019 году да замежнай валюты, якая выкарыстоўваецца для разьлікаў за энэргарэсурсы.
Праверкі
Апроч захадаў стымуляцыі, указ дазваляе праверкі кантрольнымі органамі аб’ектаў грамадзкага харчаваньня і гандлю, калі гэтыя аб’екты зарэгістраваныя не раней як 2 гады таму. Пры выяўленьні парушэньняў, зьвязаных з цэнамі, выкананьнем эпідэміялягічных правілаў ці ў выпадку парушэньня рэглямэнту ЭАЭС, такі аб’ект могуць закрыць на 90 дзён ці меней.
Паводле Віктара Маргелава, сустаршыні Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва, якраз гэтыя праверкі найбольш небясьпечныя, бо кантрольныя органы змогуць закрываць на пэўны час гандлёвыя пункты.
«Прапановы бізнэсу праігнаравалі»
Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, указ пісаўся «пад сілавыя структуры». Эканаміст кажа, што гэта «адпіска без уліку прапаноў бізнэсу».
«Улада думае, што сытуацыя з каранавірусам скончыцца ў верасьні, і тады бізнэс запрацуе і заробіць грошай, каб разьлічыцца з даўгамі па арэндзе, па падатках і па крэдытах. Гэта не супадае з рэчаіснасьцю. Улада не зьбіраецца дапамагаць прадпрымальнікам, яна сканцэнтруе ўвагу на 200 дзяржаўных прадпрыемствах і будзе ім дапамагаць. Самае асноўнае, што маглі б улады, — хаця б пералічыць аплату за жыльлёва-камунальныя паслугі, бо таньнее нафта. Але гэта ня робіцца», — кажа Яраслаў Раманчук.
Паводле яго, дзяржава бароніць толькі свае інтарэсы і клапоціцца пра «мясцовую вэртыкаль улады, якая будзе вырашаць: каму даваць грошы, каму не». Пры гэтым прапановы бізнэсу дзяржава праігнаравала.