Падтрымка эканомікі на фоне пандэміі каранавірусу не абмяжуецца адным пакетам захадаў, паведаміў 8 траўня журналістам прэмʼер-міністар Беларусі Сяргей Румас.
«Першы пакет захадаў, які падтрымаў кіраўнік дзяржавы, — гэта не апошні. Мы будзем глядзець, як будзе разьвівацца сытуацыя. Сёньня ў рабоце ва ўраду знаходзіцца каля чатырох указаў, паводле якіх будуць аказваць падтрымку тым ці іншым галінам эканомікі, якія пацярпелі ў выніку пандэміі», — сказаў Сяргей Румас журналістам. Відэа адказу апублікавала ў Фэйсбуку прэс-сакратарка старшыні ўраду Аляксандра Ісаева.
Сярод іншага, прэмʼер-міністар анансаваў указ для падтрымкі турыстычнай галіны, якая фармуе каля 2,5% ВУП краіны і, на думку Румаса, «мае вельмі вялікі патэнцыял». Паводле яго, праца над указам практычна завершаная.
Мяркуецца, што будзе прызначаны мараторый да 31 сьнежня бягучага году на вяртаньне сродкаў беларускім кліентам турыстычных кампаній, паездкі якіх адмяніліся.
«Але ў выпадку, калі замежныя турыстычныя кампаніі вяртаюць гэтыя сродкі, то сродкі беларускім кліентам павінны быць вернутыя ў сямідзённы тэрмін», — сказаў Сяргей Румас.
Аляксандар Лукашэнка 24 красавіка зацьвердзіў указ № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», якім прадугледжваюцца меры падтрымкі суб’ектаў гаспадараньня асобных галін эканомікі, «найбольш схільных да неспрыяльнага ўзьдзеяньня эпідэміялягічнай сытуацыі, якая склалася».