Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы ёсьць, але дзяржава ня хоча дапамагаць людзям, бо не жадае прызнаваць крызіс, — эканаміст


Беларускія рублі
Беларускія рублі

Старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Зьміцер Крук аналізуе розныя сцэнары крызісу, разважае, што рабіць зь беспрацоўнымі ва ўмовах, калі яны ня могуць зьехаць зь Беларусі, і паказвае, дзе можна знайсьці грошы для выплат людзям, што пацярпелі ад крызісу.

Сьцісла:

  • Самы аптымістычны сцэнар, пра які можна казаць, — гэта зьніжэньне ВУП па выніках году на 3,5 працэнта
  • Мадэль эканомікі, якая базуецца на вялікіх прадпрыемствах, — безумоўная каштоўнасьць для ўлады. Так што і падтрымка будзе накіраваная ім, дзяржаўным прадпрыемствам
  • Раздаваць грошы людзям — гэта прызнаць, што ўсё ідзе не паводле пляну, прызнаць, што крызіс прыйшоў у Беларусь
  • Ва ўладзе ёсьць вялікае спадзяваньне, што гэты эканамічны шок працягнецца нядоўга і празь некалькі месяцаў усё пройдзе

— Эканамісты цяпер прапануюць самыя розныя прагнозы наконт таго, на колькі працэнтаў можа ўпасьці эканоміка Беларусі сёлета ў выніку эканамічнага крызісу, выкліканага каранавірусам. Дыяпазон вялікі — ад 3–4 да 7–10 працэнтаў. Да якога прагнозу вы схіляецеся?

— Трэба разумець, што сёньня надта высокая нявызначанасьць з галоўнымі чыньнікамі. Пакуль мы ня можам ведаць, наколькі скароціцца ўсясьветная эканоміка, наколькі ўпадзе расейская эканоміка — адпаведна, наколькі прасядзе замежны попыт на беларускую прадукцыю. Тыя прагнозы, якія даюць МВФ ды іншыя структуры, — яны падкрэсьліваюць, што гэта толькі адзін са сцэнараў.

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук

У любым выпадку, самы аптымістычны сцэнар, пра які можна казаць, — гэта зьніжэньне ВУП па выніках году на 3,5 працэнта. Больш глыбокае зьніжэньне зьнешняга попыту прывядзе да сытуацыі, калі Беларусі трэба будзе выбіраць паміж дапушчальным зьніжэньнем ВУП і імавернасьцю фінансавага стрэсу. Далей — наступствы крызісу будуць вельмі моцна залежаць ад дзеяньняў уладаў.

— Вось пра гэтыя дзеяньні ўладаў давайце і пагаворым. Выйшаў указ прэзыдэнта Беларусі нумар 143, дзе абвешчаныя пэўныя крокі, але няма аднаго — выплат грошай людзям, якія пацярпелі ад крызісу. Тое, што робяць сёньня ў ЗША, Расеі і большасьці эўрапейскіх краін. Чаму беларуская ўлада не ідзе на гэта?

— Тут некалькі прычын. Па-першае, эканамічныя магчымасьці беларускай улады значна вузейшыя, чым у Расеі, Польшчы, ня кажучы пра эканамічна моцна разьвітыя краіны. Поле для манэўру значна звужае вялікая колькасьць замежных пазыкаў, таксама ўразьлівасьць нашай фінансавай сыстэмы да курсу даляра. Значнае ўліваньне грошай можа адбіцца на паказчыках інфляцыі, на абменным курсе і стварыць новую хвалю праблемаў у фінансавай сфэры.

Але ж калі мы кажам пра падтрымку непасрэдна людзей, якія сутыкнуліся са зьніжэньнем даходаў і стратай працы, то гэта пытаньне ня толькі эканомікі, але і гуманнасьці, чалавечнасьці. Падтрымліваючы наўпрост хатнія гаспадаркі, канкрэтных людзей, якія страцілі даходы, — мы тым самым падштурхоўваем попыт, які ажыўляе эканоміку. І потым амаль усе гэтыя сродкі, якія выдзяляюцца такім людзям, яны вяртаюцца ў эканоміку.

— Досьвед змаганьня з усімі апошнімі крызісамі паказвае, што калі даваць людзям грошы — яны пачынаюць іх траціць і тым самым дапамагаюць эканоміцы выйсьці з крызісу. Калі ж грошай ні ў кога няма — то сьпіраль крызісу толькі закручваецца, ідзе далейшае зьніжэньне ўсяго. Таму падчас апошніх крызісаў заходнія дзяржавы ўліваюць даволі вялікія грошы ў свае эканомікі, «гасяць» імі крызісы.

— Так, але важна тое, каму даваць грошы. Калі даваць тым, хто страціў даходы і працу — то гэта працуе менавіта так, як вы сказалі. Калі ж даць усім, то гэта адаб’ецца на інфляцыі і валютным рынку.

Чаму гэты шлях пакуль непрымальны для беларускай улады? Я бачу дзьве асноўныя прычыны. Першая — палітычны чыньнік. Раздаваць грошы — гэта азначае прызнаць, што ўсё ідзе не паводле пляну, прызнаць, што крызіс прыйшоў у Беларусь. Другая — сродкаў, якія можна выкарыстаць для такой падтрымкі, зусім няшмат. І патраціць іх зараз азначае застацца без рэзэрву на заўтрашні дзень, калі можа стаць яшчэ горш. Гэта паказвае, што ва ўладзе ёсьць вялікае спадзяваньне, што гэты эканамічны шок працягнецца нядоўга і празь некалькі месяцаў усё пройдзе.

— Беспрацоўе расьце ўжо цяпер, а бліжэйшыя тыдні могуць прынесьці сотні тысяч беспрацоўных, у некаторых прагнозах кажуць нават пра мільён. І ўлады ўсіх іх могуць не прызнаваць?

— Калі перакананьне ўладаў, што крызісу няма, застанецца непахісным, то можа быць і так. Але калі казаць пра тое, што варта рабіць, то я выступаю за той інструмэнт, што трэба фінансава падтрымліваць тых, хто зараз страціў даход і працу. Трэба ўвесьці новы мэханізм, акрамя існуючай дапамогі па беспрацоўі, каб людзі маглі атрымаць грошы ў рамках пражытковага мінімуму, каля 500 рублёў. Падтрымка гэтых людзей — гэта першачарговая дзяржаўная задача.

— Раней схаванае беларускае беспрацоўе і зьвязаную з гэтым сацыяльную напружанасьць зьніжала працоўная міграцыя. Сотні тысяч беларусаў, ня маючы працы на радзіме, знаходзілі яе за межамі — у Расеі, Польшчы, іншых краінах. Але цяпер уезд у іншыя краіны закрыты, і гэта працягнецца як мінімум яшчэ некалькі месяцаў. Усе беларускія беспрацоўныя застануцца ў краіне. Як гэта можа паўплываць на сацыяльную напружанасьць у краіне?

— Гэта вельмі дакладнае і важнае пытаньне, і я, па шчырасьці, ня бачу шмат варыянтаў для адказу. Сапраўды, працоўная міграцыя зь Беларусі — гэта быў вельмі стабілізуючы мэханізм, і кожны раз, калі сытуацыя ў краіне пагаршалася, плынь працоўных мігрантаў павялічвалася. Што будзе пры закрытых межах — вялікае пытаньне. Адзінае, што можна дапусьціць, — гэта запаўненьне нізкааплатных працоўных месцаў на кароткі тэрмін, з чым раней былі цяжкасьці. Але гэты вырашае толькі невялікую частку праблемы.

— Наколькі цяперашнія эканамічныя рашэньні беларускіх уладаў перадвызначаныя палітычнымі і ідэалягічнымі падыходамі кіраўніка Беларусі, які, безумоўна, схільны да дзяржаўнай кіраванай эканомікі? «Як вы думаеце, вы рэстаран сёньня будзеце падтрымліваць ці БелАЗ? Вядома, вытворцу будзем падтрымліваць перш за ўсё», — казаў Лукашэнка яшчэ 3 красавіка. І калі цяпер дзяржава даволі абыякава ставіцца да банкруцтва малых бізнэсаў, то, можа, тым самым улада проста абазначае свой прыярытэт? Дзяржаўнае падтрымаць, а прыватнае — хай самі выжываюць?

— Мадэль эканомікі, якая базуецца на вялікіх прадпрыемствах, — безумоўная каштоўнасьць для ўлады. Так што і падтрымка перш за ўсё будзе накіраваная ім, дзяржаўным прадпрыемствам — гэта вынікае з тых дзеяньняў і заяваў, якія мы бачым. Але нельга сказаць, што страты малога і сярэдняга бізнэсу для дзяржавы не праблема. Бо беспрацоўе, якое ад гэтага ўзьнікне, — тое самае беспрацоўе, і змагацца зь ім прыйдзецца.

Але, паўтаруся, дзеяньні ўлады грунтуюцца на веры ў тое, што ўсё гэта ня будзе трываць доўга. І калі гэтая сытуацыя зацягнецца на 3–4 месяцы, то гэтая мадэль паводзінаў праваліцца, прыйдзецца шукаць іншыя адказы.

— А ці здольная ўлада даць гэтыя новыя адказы, нават калі сытуацыя з пандэміяй пойдзе па пэсымістычным сцэнары?

— Ня ведаю. Як я казаў на пачатку інтэрвію, цяпер існуе некалькі сцэнараў, у залежнасьці ад таго, як будзе разгортвацца пандэмія.

— Але калі сама ўлада ці нават незалежныя эканамісты кажуць, што ў дзяржавы няма грошай, то хочацца не пагадзіцца. Бюджэт летась быў прафіцытны, золатавалютныя рэзэрвы расьлі некалькі гадоў, у кіраўніцтва хапае грошай на «Славянскія базары», «Дажынкі» і парады. Да таго ж ёсьць вялізныя структурныя праекты ў бюджэце, якія можна замарозіць у крызісны час. Дык усё ж няма грошай ці можа пашукаць?

— Трапнае пытаньне. Так, пэўныя рэсурсы ёсьць. Золатавалютныя рэзэрвы я пакіну па-за межамі, бо яны — гарантыя выплаты замежнага доўгу і пэўная страхоўка, каб пазьбегнуць скачкоў абменнага курсу.

Што да іншых крыніцаў — ёсьць сродкі, назапашаныя на рахунках Мінфіну, каля 6 мільярдаў беларускіх рублёў. Гэта асноўныя крыніцы, якія можна апэратыўна выкарыстоўваць дзеля сацыяльнай падтрымкі.

Калі праблема становіцца даўжэйшай і больш трывалай, то трэба правесьці пераразьмеркаваньне бюджэтных сродкаў. Можна, напрыклад, замарозіць выдаткоўваньне сродкаў на набыцьцё капітальных тавараў, такіх як агратэхніка, значная частка чаго фінансуецца зь бюджэту.

Але ўлады па-ранейшаму спадзяюцца, што праблема сыдзе сама сабой і на такія крокі ісьці не давядзецца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG