Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёрты запар прэм’ер-міністар Беларусі прызначаны ў абыход Канстытуцыі


Раман Галоўчанка, архіўнае фота
Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Тыдзень таму, 4 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага прэм’ер-міністра — на месца Сяргея Румаса паставіў Рамана Галоўчанку. Згоду на гэта Палата прадстаўнікоў дала толькі 11 чэрвеня.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як піша БелТА, Галоўчанка 11 чэрвеня падзякаваў Палаце прадстаўнікоў за падтрымку і адзначыў, што новы ўрад ужо актыўна ўключыўся ў працу. Колькі дэпутатаў прагаласавалі за, а колькі былі супраць, не паведамляецца.

Указ аб прызначэньні Галоўчанкі быў апублікаваны 4 чэрвеня. Ва ўказе адзначаецца, што прэм’ер прызначаецца ў адпаведнасьці з пунктам 6 артыкулу 84 Канстытуцыі. У тым пункце напісана: «прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь са згоды Палаты прадстаўнікоў назначае на пасаду прэм’ер-міністра».

Каго яшчэ прызначылі прэм’ерам бяз згоды

Сяргей Румас быў прызначаны прэм’ерам 18 жніўня 2018 году, згоду на гэта далі толькі 5 кастрычніка.

Андрэй Кабякоў быў прызначаны прэм’ерам 27 сьнежня 2014 году, згоду на гэта далі 15 студзеня наступнага году.

Міхаіл Мясьніковіч быў прызначаны прэм’ерам 28 сьнежня 2010 году, згоду на гэта далі 27 студзеня наступнага году.

Але Сяргея Сідорскага, які займаў прэм’ерскае крэсла да Мясьніковіча, прызначалі са згоды Палаты прадстаўнікоў: гэтую згоду Лукашэнка атрымаў 19 сьнежня 2003 году і паўторна 17 красавіка 2006 году, да прызначэньня на пасаду.

Дэпутаты ня супраць

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў ў 2018 годзе атрымаў з Палаты прадстаўнікоў адказ на прапанову зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд з пытаньнем пра законнасьць прызначэньня Аляксандрам Лукашэнкам новага прэм’ер-міністра бяз згоды Палаты прадстаўнікоў.

«Канстытуцыя не прадугледжвае абавязковасьці папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў на прызначэньне прэм'ер-міністра кіраўніком дзяржавы», — адказаў на гэта ўсё Дзьмітры Гобараў, дэпутат са Шклоўскай акругі, былы памочнік Лукашэнкі па Берасьцейшчыне, намесьнік старшыні пастаяннай камісіі дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Палаты прадстаўнікоў.

Паводле Гобарава, прызначэньне прэм’ера прэзыдэнтам без папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў законнае.

Супраць прызначэньня Румаса тады галасавала адна дэпутатка — Ганна Канапацкая.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG