Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Швэцыі спыніла справу аб забойстве прэм’ер-міністра, якая доўжылася 34 гады


Улаф Пальмэ
Улаф Пальмэ

10 чэрвеня​ пракуратура Швэцыі абвясьціла аб спыненьні крымінальнай справы аб забойстве прэмʼер-міністра Уляфа Пальмэ. Ён быў застрэлены ў 1986 годзе ў Стакгольме.

Пракуратура патлумачыла, што рашэньне было прынятае таму, што ў 2000 годзе памёр галоўны падазраваны, Стыг Энгстрам.

Галоўны падазраваны скончыў жыцьцё самагубствам, таму было вырашана не выстаўляць яму абвінавачаньня. Аднак ён вядомы сьледзтву, і яго імя было названае на прэсавай канфэрэнцыі ў сераду. Стыг Энгстрам першапачаткова быў дапытаны ў якасьці сьведкі.

Пальмэ быў забіты ў лютым 1986 году, яго застрэлілі ў сьпіну на выхадзе з кінатэатру, адкуль ён ішоў са сваёй жонкай. Забойца ўцёк зь месца злачынства. Датычнымі да забойства ў розныя часы называлі спэцслужбы Югаславіі і Паўднёвай Афрыкі, курдзкіх сэпаратыстаў, ЦРУ і арганізаваную злачыннасьць. Крыстэр Петэрсан быў засуджаны за гэтае забойства на пажыцьцёвае зьняволеньне ў 1988 годзе і апраўданы ў 1989 годзе.

Сьледзтва доўжылася дзесяцігодзьдзі, было апытана 10 000 чалавек.

Пальмэ быў прэмʼер-міністрам Швэцыі ў 1969-1976 гадах, а потым у 1982-1986 гадах. Ён праславіўся як выдатны прамоўца і як чалавек, які прапанаваў пасярэдніцтва каралеўства ў вырашэньні міжнародных канфліктаў. Ён крытыкаваў вайну ў Віетнаме, апартэід у Паўднёвай Афрыцы і падтрымліваў камуністычны рэжым на Кубе і Нікарагуа.

Цяперашні прэмʼер-міністар Швэцыі Стэфан Лёвэн назваў забойства Пальмэ «адкрытай ранай» у грамадзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG