У рэдакцыю Tut.by трапіў новы загад Міністэрства здароўя Беларусі аб дапамозе хворым на COVID-19. Згодна з загадам, ад 15 чэрвеня ўстановы аховы здароўя абласнога ўзроўню зьбіраюцца паэтапна вяртаць у звычайны рэжым працы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што яшчэ мяняе загад:
- У абласных лякарнях загадалі прадугледжваць магчымасьць асобнага аддзяленьня, якое будзе працаваць у рэжыме інфэкцыйнага стацыянару.
- Абавязкова шпіталізаваць павінны хворых на пнэўманію і COVID-19 або падазрэньнем на каранавірус, пацыентаў з вострым рэсьпіраторным дыстрэс-сындромам і COVID-19.
- Дыягназ COVID-19 выстаўляюць па адным ПЦР-тэсьце; пры кампутарнай тамаграфіі з «тыповай рэнтгеналягічнай сымптаматыкай» і клінічнай карціне з наступным станоўчым тэстам; паводле двух станоўчых тэстаў «сэралягічнай дыягностыкі» (гэта ў тым ліку экспрэс-тэсты на антыцелы) з інтэрвалам ня менш за дзень пры тыповай для COVID-19 клінічнай карціне.
- Тэсты на каранавірус загадалі рабіць «кантактам» 1-га ўзроўню на 3-5-ы дзень пасьля кантакту і паўторна на 10–12 дзень (ПЦР) або на 13-ы дзень (тэст на антыцелы).
- Тэсты будуць прызначаць «кантактам» 2-га ўзроўню ва ўзросьце да 10 гадоў.
Сярод фактараў, якія абцяжарваюць хваробу COVID-19, пералічаны: узрост, старэйшы за 55 гадоў, атлусьценьне з індэксам масы цела звыш 40, цукровы дыябэт, хранічная кардыяваскулярная паталёгія з сардэчнай недастатковасьцю, хранічная паталёгія лёгкіх (як то астма або хранічная абструкцыйная хвароба), рак, ВІЧ і іншае.
Пры лёгкай або бессымптомнай форме COVID-19 бальнічны па-ранейшаму маюць закрываць на 21-ы дзень, нават калі не было адмоўнага выніку тэсту. Гэта, пішуць у дакумэнце, «зьяўляецца абгрунтаваным».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.