Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус паскараецца. У сьвеце 7 млн выпадкаў, зь іх 2 млн — у ЗША


Лекары ў Мумбаі, Індыя, ілюстрацыйнае фота
Лекары ў Мумбаі, Індыя, ілюстрацыйнае фота

Распаўсюд новага каранавірусу SARS-CoV-2 і хваробы COVID-19, якую ён выклікае, не спыняецца. З пачатку году ў сьвеце зафіксавалі ўжо звыш 7 мільёнаў выпадкаў хваробы, памерлі прынамсі 406 тысяч чалавек. Агульная колькасьць выпадкаў новага каранавірусу ў ЗША перавысіла 2 мільёны, інфармуе Сусьветная арганізацыя здароўя.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Выпісалі здаровымі пасьля каранавірусу 3,462 млн чалавек, але хворымі застаюцца 3,224 млн, зь іх амаль 54 тысячы ў крытычным стане. Лекаў і вакцынаў ад новага каранавірусу ўсё яшчэ не знайшлі — ёсьць толькі пэрспэктыўныя экспэрымэнты, але не прэпараты з пацьверджанай эфэктыўнасьцю.

У пачатку чэрвеня штодзень выяўляюць да 130 тысяч новых выпадкаў, хоць вясной выяўлялі па 70–100 тысяч на дзень. Паводле даступных на момант публікацыі зьвестак, за 7 чэрвеня выявілі 113 тысяч выпадкаў: найбольшы прырост у Злучаных Штатах (18,9 тысячы), Бразыліі (18,3 тысячы), Індыі (10,8 тысячы), Расеі (9 тысяч) і Чылі (6,4 тысячы).

Колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень паступова спадае ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыне і іншых краінах, але толькі расьце ў Бразыліі, Індыі і іншых.

Колькасьць зафіксаваных сьмерцяў на дзень паступова зьніжаецца. Пік быў у сярэдзіне красавіка, калі на дзень выяўлялі да 8435 памерлых, цяпер прызнаюць па 3–5,5 тысячы памерлых на дзень. Найбольш памерлых за 7 чэрвеня прызналі ў Чылі (649), Бразыліі (542), ЗША (373), Мэксыцы (341), Індыі (261), Пэру (164) і Расеі (134).

Катар застаецца на першым месцы ў выяўленым пашырэньні вірусу на душу насельніцтва — там 24 500 выпадкаў на мільён жыхароў. З буйных краінаў высокі распаўсюд зафіксавалі таксама ў Бахрэйне, Кувэйце, Чылі, Сынгапуры, Гішпаніі і ЗША.

Беларусь у гэтым паказьніку 16-я ў сьвеце, 8-я ў Эўропе (або 4-я пасьля Люксэмбургу, Гішпаніі і Ісьляндыі, калі адкінуць мікрадзяржавы). І гэта паводле афіцыйнай статыстыкі, якая «завісла» больш за месяц таму: штодзень у Беларусі паведамляюць аб прыблізна 900 новых выпадкаў і 4–5 памерлых. Роскід штодзённых значэньняў самы малы ў сьвеце.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG