Захворваньне на COVID-19 пайшло на зьніжэньне ў Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях, паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
«Менск ужо прайшоў верхавіну і ідзе на зьніжэньне. Менская і Віцебская вобласьці прайшлі дакладна гэтак жа. То бок фактычна 40-45% насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі. Калі пройдзе Берасьцейская вобласьць, у нас будзе бліжэй да 60%. Сёньня Берасьцейская вобласьць знаходзіцца на максымальным для вобласьці плято. Яшчэ нейкі час яна будзе знаходзіцца тут, потым пойдзе ўніз», — цытуе Богдан прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Паводле Алены Богдан, усе рэгіёны па-рознаму ўступалі ў гэты працэс. Пачыналася з Віцебска, потым далучыліся Менск і Менская вобласьць, затым Берасьцейская, практычна паралельна зь ёй пайшла Горадзенская, крыху з адставаньнем пачынае Гомельская вобласьць, і найменшыя паказчыкі сёньня ў Магілёўскай вобласьці.
Алена Богдан зьвярнула ўвагу на захаваньне мер асабістай бясьпекі людзей — фізычнае дыстанцыяваньне, нашэньне масак у месцах вялікай колькасьці людзей, перш за ўсё ў гандлёвых цэнтрах, грамадзкім транспарце. Намесьніца міністра папрасіла грамадзян выконваць меры фізычнага, сацыяльнага дыстанцыяваньня, «каб зьберагчы сябе і сваіх блізкіх».
«У першую чаргу трэба паберагчы пажылых, родных і блізкіх, у якіх ёсьць якая-небудзь цяжкая паталёгія, перш за ўсё цукровы дыябэт, артэрыяльная гіпэртэнзія, якія маюць лішнюю вагу, ня ісьці да гэтых людзей з прыкметамі прастудных захворваньняў. І самае галоўнае — своечасова зьвяртацца да ўрача», — сказала намесьніца міністра аховы здароўя.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ