Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу і выбарчай кампаніі, за 7 чэрвеня
- За дзень выявілі яшчэ 879 інфікаваных на COVID-19 і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, агулам 48 630 інфікаваных і 269 памерлых з пачатку пандэміі. Выздаравелі за дзень 632 пацыенты, з пачатку эпідэміі 23 647
- На вечар 7 чэрвеня ў сьвеце зафіксавалі звыш 7,046 мільёна выпадкаў COVID-19, найбольш у ЗША, Бразыліі, Расеі, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі, Індыі і Італіі. Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці больш за 403 тысячы чалавек, найбольш у ЗША, Вялікай Брытаніі, Бразыліі, Італіі, Францыі і Гішпаніі. Больш за 3,44 мільёна пацыентаў ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 3,2 млн, зь іх больш за 53 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
- У Расеі за апошнія суткі выяўлена 8984 выпадкі заражэньня каранавірусам, сьведчыць афіцыйная статыстыка. Агульная колькасьць тых, хто захварэў каранавіруснай інфэкцыяй у краіне з пачатку эпідэміі вырасла да 467 673 чалавек. Амаль палова ўжо выздаравелі — 226 731 чалавек.
А цяпер — сёньняшнія навіны выбарчай кампаніі.
- У Менску каля дому затрымалі Паўла Севярынца. Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі прымаў удзел у пікеце на Камароўскім рынку
- У Гомлі міліцыя зьвязала рукі затрыманаму актывісту Аляксею Дамянкову папругай. Як паведаміў брат Аляксея Дамянкова, амаль 2,5 гадзіны каля яго дому дзяжурыла міліцыя.
- На пікеце каля Камароўкі хлопец прапанаваў дзяўчыне пабрацца шлюбам. Ягоную дзяўчыну Вераніку некалькі разоў затрымлівалі за грамадзкую актыўнасьць, а калі яны ажэняцца, то «прасьцей будзе перажыць гэтыя цяжкія часы».
- Паводле праваабаронцаў, сёньня на Камароўку прыйшлі паставіць подпісы больш за 1350 чалавек
- У нядзелю 7 чэрвеня каля Камароўкі прайшоў збор подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Свае пікеты на паставілі некалькі альтэрнатыўных кандыдатаў. Прайшоў таксама «збор грошай на квіток да Гаагі.
- «Адкажыце мне, як бацька бацьку». Аляксандар Фурманаў зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі з адкрытым лістом. Ягонага сына Зьмітра Фурманава, каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай па Горадзенскай вобласьці, схапілі разам з крэслам з-за стала, дзе ён зьбіраў подпісы падчас пікету 29 траўня.
- Віктар Бабарыка заявіў, што гатовы аб’ядноўвацца зь іншымі кандыдатамі і «ісьці да канца»
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.