У Нур-Султане, Алматы, Карагандзе і Шымкенце звыш сотні людзей выйшлі на пратэсты. Паліцыя заблякавала падыходы да плошчаў, пра якія апазыцыя заявіла загадзя. Улады патлумачылі гэта «дэзынфэкцыяй». Дзесяткі чалавек былі затрыманыя.
Сярод патрабаванняў пратэстуючых:
- крэдытная амністыя
- нацыяналізацыя зямель і аб’ектаў, якія перададзены ў прыватныя рукі
- забарона на продаж зямель іншаземцам
- вызваленьне палітычных зьняволеных
- прыхільнікі Мухтара Аблязава выступаюць таксама за адмену прызнаньня «экстрэмісцкімі» руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» і руху «Көше партиясы», які ў красавіку абвясьціў аб намеры дамагацца афіцыйнай рэгістрацыі.
Пратэсты ў Казахстане пачасьціліся пасьля адстаўкі летась з пасады прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева, які кіраваў краінай амаль 30 гадоў і па-ранейшаму валодае шырокімі паўнамоцтвамі і рычагамі ўплыву на дзяржаўны апарат.
Пасаду кіраўніка дзяржавы заняў стаўленік Назарбаева Касым-Жамарт Такаеў, які абвясьціў курс на «палітычныя рэформы», перагляд заканадаўства аб мірных сходах, партыях, выбарах. Крытыкі лічаць, што абвешчаныя адміністрацыяй Такаева зьмены носяць касмэтычны характар і не мяняюць сутнасьць аўтарытарнай сыстэмы.