За час пандэміі на менскім заводзе лядоўняў «Атлянт» станоўчы вынік тэсту на каранавірус атрымалі да 160 работнікаў, паведамілі Радыё Свабода ўласныя крыніцы. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў адміністрацыі заводу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«За ўвесь пэрыяд, з канца сакавіка, калі ў нас зьявіліся першыя захварэлыя, і да сёньня, у суме цалкам магчымая такая лічба. Быў момант, калі адначасова на бальнічных былі да 100 чалавек, але цяпер такога няма, цяпер на бальнічным адзінкі», — паведаміў Свабодзе намесьнік гендырэктара «Атлянта» Аляксандар Машко, але агульных зьвестак не назваў.
Паводле Машко, пік захворваньня на «Атланте» прыпаў на пачатак і сярэдзіну траўня.
Прадстаўнік «Атлянту» прызнаў, што выяўляць захварэлых працаўнікоў працягваюць, але «ў значна меншай колькасьці».
«Вось сёньня пацьвердзіўся каранавірус у супрацоўніцы канцылярыі. З падазрэньнем адправілі на ізаляцыю яшчэ 5 чалавек, а ў тых, хто зь імі кантактаваў, узялі аналізы, таксама сядзяць дома. Але збольшага можна дакладна сказаць, што сытуацыя выпраўляецца. Як было раней, што на галоўны канвэер не хапала людзей, бо былі вялікі страты, то такога ўжо няма», — запэўніў Машко.
Паводле дырэктара «Атлянту», захадаў прафіляктыкі, якія раней былі прынятыя, не адмянілі, бо «не выпадае расслабляцца».
«Ніводзін з 5 загадаў для прадухіленьні пашырэньня інфэкцыі, якія прымаліся, не адменены. Вось была спроба адкрыць стаматалёгію ў нашай мэдчастцы, але захварэў лекар — і адмянілі. Таксама думалі ўжо адкрываць прадуктовую краму з кафэтэрыем на тэрыторыі, але літаральна напярэдадні захварэў супрацоўнік кандытарскай і там усіх адправілі на ізаляцыю. Таму нічога не адмянілі: маскі, антысэптыкі, замер тэмпэратуры — усё засталося. Мы яшчэ засьцерагаемся, каб хвароба не вярнулася».
У сакавіку стала вядома пра першых захварэлых работнікаў аднаго падразьдзяленьня «Атлянта». Праз два тыдні на заводзе прызналі, што хвароба перакінулася на іншыя, у тым ліку на галоўны канвэер, захварэлых было ўжо каля 10 чалавек, дзясяткі адправілі ў карантын.
Дзе цяпер небясьпечныя месцы на заводзе?
«Цяпер такая тэндэнцыя, што ад рабочых на канвэеры хвароба зноў вярнулася ў асобныя кабінэты», — кажа Малашка. Суразмоўца таксама назваў выпадак захворваньня за межамі прадпрыемства ў Менску. «У нас у Старадароскім раёне ёсьць падшэфная гаспадарка. Дык там выявілі аднаго хворага. Баімся, каб не было больш, бо давядзецца закрываць».
Са словаў Аляксандра Машко, памерлых ад каранавірусу на прадпрыемстве няма.
«Самы цяжкі выпадак — работнік два тыдні ляжаў на апараце ШВЛ; добра, што выратавалі», — сказаў намесьнік гендырэктара «Атлянта».
Паводле Аляксандра Машко, на выкананьне вытворчых паказьнікаў сытуацыя з каранавірусам не паўплывала:
«За 5 месяцаў спрацавалі добра. У Расеі, дзе ў нас асноўны рынак, продажы нават павялічыліся, абагналі расейскіх канкурэнтаў», — сказаў намесьнік гендырэктара «Атлянта».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.