Барысаўскі праваабаронца цэнтру «Вясна» Алег Мацкевіч зьвярнуўся да спэцыяльных дакладчыкаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з заявай аб парушэньні Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязкаў у сувязі з інфармаваньнем пра распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле Алега Мацкевіча, Міністэрства аховы здароўя Беларусі адмаўляецца ад прадстаўленьня грамадзянам падрабязнай статыстыкі аб распаўсюдзе COVID-19 — лякальная статыстыка па эпідэмічным стане нідзе не публікуецца, не даецца нават у адказ на звароты грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі. Публікуюцца толькі лічбы агулам па ўсёй краіне.
«Такая практыка парушае права грамадзян фармаваць і выказваць аб'ектыўную думку пра стан навакольнага асяродзьдзя, пагрозы і выклікі, зьвязаныя з эпідэміялягічнай сытуацыяй, прыводзіць да неадэкватных рашэньняў і паводзін, якія небясьпечныя для здароўя і жыцьця асобных людзей і грамадзтва ў цэлым», — гаворыцца ў звароце Мацкевіча.
Праваабаронца просіць спэцыяльных дакладчыкаў «адрэагаваць на парушэньні ўсімі спосабамі, якія ёсьць у іх распараджэньні». Звароты ён накіраваў дакладчыкам ААН:
- у пытаньнях становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі — Анаіс Марэн;
- у пытаньнях права на найвышэйшы дасяжны ўзровень фізычнага і псыхічнага здароўя — Дайнюсу Пурасу;
- у пытаньнях заахвочваньня і абароны права на свабоду думкі і яе свабоднае выяўленьне — Дэвіду Кае.
Раней з падобнай просьбай Мацкевіч зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру Беларусі, але начальніца аддзелу нагляду за захаваньнем правоў і свабод грамадзян Марына Папова адказала яму, што канкрэтных зьвестак аб парушэньні заканадаўства ён не паказаў, таму падстаў для праверкі няма. Мацкевіч таксама зьвяртаўся ў пракуратуру Барысаўскага раёну са скаргай на адсутнасьць зьвестак пра сытуацыю на мясцовым узроўні, адтуль ягоную скаргу накіравалі ў мясцовыя лякарні — ніводная не адказала па сутнасьці і не раскрыла зьвестак.
Мацкевіч нагадвае, што Беларусь празь міжнародныя дамовы ўзяла на сябе абавязак «устрымлівацца ад утойваньня ці наўмыснага скажэньня інфармацыі ў пытаньнях здароўя» і «адкрываць шырокі доступ да ўрадавай інфармацыі, якая мае грамадзкую цікавасьць».
Тым часам у Беларусі больш за месяц публікуецца амаль аднолькавая статыстыка: штодзень паведамляюць пра дзевяць сотняў новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі і 4–6 сьмерцяў. Роскід беларускіх штодзённых зьвестак пра новыя выпадкі самы малы сярод усіх краінаў сьвету.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.