Telegram-канал Nexta Live апублікаваў сьпіс гатэляў, якія Менгарвыканкам адвёў для пражываньня хворых на COVID-19 у бессымптомнай форме супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ня могуць самаізалявацца ў інтэрнатах. Гарадзкія ўлады пацьвердзілі сапраўднасьць дакумэнту Tut.by.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сьпіс такі:
- гатэль «Агат» (інстытут «Кадры індустрыі»);
- гатэль «Алмаз» (ААТ «МАЗ»);
- гатэль «Спорт» (ДУ «Белспортзабесьпячэньне»);
- інтэрнат №4 ААТ «Інтэграл»;
- інтэрнат РУП «Нацыянальны аэрапорт»;
- санаторый «Лясная паляна» ў Мядзельскім раёне (УП «Спэцкамунаўтатранс»);
- аздараўленчы цэнтар «Сьвітанак», філіял «Сацыяльны комплекс» у Менскім раёне (завод «Гарызонт»);
- і іншыя ў Цэнтральным і Фрунзэнскім раёнах, якія могуць вызначыць пазьней.
Засяляць туды будуць інфікаваных жыхароў інтэрнатаў калідорнага тыпу, якім патрэбна самаізаляцыя; таксама могуць засяляць іншых выпісаных зь лякарняў зь лёгкімі сымптомамі і без сымптомаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.