Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра каранавірус: «Увесь сьвет пацьвярджае, што Лукашэнка меў рацыю»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 4 чэрвеня зьмяніў склад ураду. Даючы наказы новаму ўраду, ён згадаў, што на цяперашнім этапе «некаторыя вынікі маглі быць і лепей», ды «бяда пачалася з гэтай пандэміяй».

«Нашыя беларусы дзякуюць лекарам, што мы змагаемся за кожнае жыцьцё, што ў нас на два парадкі менш сьмерцяў, чым у такіх жа краінаў і нашых суседзяў, — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — Не, трэба камень у агарод кінуць.

А што ня так? Што ў нас ня так, як у іншых? Што мы не ізалявалі і на карантын не адправілі беларусаў? Што мы не абвясьцілі камэнданцкі час? Дык сёньня ўвесь сьвет пацьвярджае, што Лукашэнка меў рацыю».

Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» пазьней паказаў фрагмэнт прамовы Лукашэнкі, які не перадавала прэс-служба. Лукашэнка раіў зьвярнуцца з пытаньнямі пра каранавірус да Натальлі Качанавай, старшыні Савету Рэспублікі, «якая дзень і ноч займаецца гэтым пытаньнем».

«Да прыкладу, па Менску і раніцай, і ўвечары па стойцы сьмірна дакладвае прэзыдэнту і адграбае на ўсю катушку, калі недзе нешта ня так з гэтай пандэміяй, — казаў Лукашэнка пра Качанаву. — Ідзіце ў яе спытайце. Навошта ж вы крыўдзіце людзей, якія ваююць сёньня на гэтым фронце.

Я ж упэўнены, што палова, можа быць, чацьвёртая частка з вас, хтосьці перахварэў і гэтак далей. І што? Памерлі? Не. Таму што мы за вас змагаліся. І ведаеце, што я апошні быў на гэтым рубяжы, а наперадзе бегаў Каранік, Качанава, Сергеенка і многія іншыя зь Петрышэнкам. Я не кажу пра лекараў. Прыйдзе час, мы пра гэта скажам».

Што са статыстыкай

На 4 чэрвеня толькі паводле афіцыйных зьвестак у Беларусі выявілі 45 116 інфікаваных каранавірусам, прызналі сьмерці 248 чалавек. Краіна на 9-м месцы ў Эўропе ў колькасьці інфікаваных і на 10-м у колькасьці інфікаваных на душу насельніцтва, пры тым на 34-м з 48 у сьмерцях ад каранавірусу на душу насельніцтва.

Ды больш як месяц афіцыйная штодзённая статыстыка практычна не мяняецца — паведамляюць пра прыблізна 900 новых выпадкаў на дзень і прызнаюць 4-5 сьмерцяў за дзень. Роскід значэньняў штодзённых выяўленых выпадкаў самы малы ў сьвеце.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

Увесь сьвет акрамя Расеі, ААН і WHO?

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.

У сярэдзіне сакавіка Расея ў аднабаковым парадку забараніла ўезд беларусам — гэта тлумачылі тым, што Беларусь недастаткова супрацьстаіць каранавірусу. Аляксандар Лукашэнка казаў, што гэта Расея, якая «ўся палае ад каранавірусу», закрыла мяжу, а яшчэ пытаньне, «хто ад каго павінен закрывацца». Толькі ў чэрвені Расея часткова адкрыла мяжу — беларускім рабочым-вахтавікам, якія працуюць у бесьперапынных вытворчых працэсах на прамысловых аб’ектах ядзернай энэргетыкі, будаўніцтва, здабычы нафту і газу, перапрацоўкі карысных выкапняў, а таксама ў касьмічных праграмах.

Беларусам таксама закрыты ўезд у краіны Эўразьвязу і ва Ўкраіну. А ў Літве задумалі «сэртыфікат COVID-19» і тэсты на мяжы для беларусаў.

Беларускую стратэгію барацьбы з каранавірусам нярэдка параўноўваюць са швэдзкай. Швэды ня ўводзілі маштабнага карантыну і не абвяшчалі «локдаўн», але прымалі істотна больш антывірусных захадаў, чым беларусы. Ды ў выніку паказьнік сьмяротнасьці — 430 выпадкаў на мільён насельніцтва — у Швэцыі адзін з самых высокіх у сьвеце. Цяпер Аўтар швэдзкай стратэгіі публічна прызнаўся, што яго стратэгія прывяла да занадта вялікай колькасьці сьмерцяў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG