Служба дзяржаўнай бясьпекі Кіргізстану зрабіла неабгрунтаваныя заявы пра тое, што журналісты кіргіскай службы Радыё Свабода атрымалі 100 тысяч даляраў ад чалавека, які, на яго ўласнае прызнаньне, займаўся адмываньнем грошай і зьяўляўся крыніцай інфармацыі для журналістаў у буйным антыкарупцыйным расьсьледаваньні, якое Свабода вяла ў Кіргізстане.
Заява была прад'яўлена сьледчымі 2-га чэрвеня на слуханьнях у парлямэнце ў справе аб забойстве Аеркена Саймаіці, кітайскага бізнэсоўца ўйгурскага паходжаньня, які на працягу некалькіх гадоў выводзіў з Кіргізстану сотні мільёнаў даляраў.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЕ / РС) Джэймі Флай заявіў, што абвінавачаньні, відавочна, ёсьць «помстай» журналістам з боку «карумпаваных людзей, якія імкнуцца абараніць сваё багацьце і ўладу».
Да забойства Саймаіці, якое адбылося ў лістападзе ў Стамбуле, ён даў рэпартэрам мноства фінансавых справаздач, якія паказваюць, як ён вывеў грошы з Кіргізстану з дапамогай грашовых пераводаў і кантрабандыстаў.
Пасьля сьмерці Саймаіці кіргіская служба Радыё Свабода, Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) і кіргізстанскі сайт Kloop апублікавалі расьсьледаваньне пад назвай «Рабаваньне і заступніцтва ў сэрцы Цэнтральнай Азіі».
Расьсьледаваньне, у якім таксама быў замяшаны намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага агенцтва Кіргізстану Раімбек Матраімаў — журналісты абвінавацілі яго ў карупцыі, зьвязанай з грашыма, вывезенымі Саймаіці з краіны — выклікала вулічныя пратэсты ў Кіргізстане пасьля публікацыі ў лістападзе.
Матраімаў і яго сваякі адмаўлялі якія-небудзь сувязі з Саймаіці, а таксама выпадкі карупцыі ў мытнай службе Кіргізстану. Ён і яго сямʼя падалі пазоў аб паклёпе супраць аўтараў расьсьледаваньня.
Самідын-уулу Сагынбек, кіраўнік сьледчай групы службы бясьпекі, паведаміў парлямэнцкай камісіі, што сьледчыя атрымалі паказаньні ад двух сьведак, якія заявілі, што Саймаіці заплаціў 100 тысяч даляраў журналістам з кіргіскай службы Радыё Свабода (Радыё Азатык).
На пытаньне журналіста Радыё Азатык, ці ёсьць у сьледчых іншыя доказы меркаванай аплаты, Сагынбек адказаў адмоўна.
Алі Тактакунаў, журналіст Радыё Азатык, які ўзначальваў працу над расьсьледаваньнем, атрымліваў пагрозы расправы ў сувязі з публікацыяй і стаў адным з пазваных у справе аб паклёпе.
Кіраўнік РСЕ / РС пацьвердзіў, што раней сёлета Матраімаў паспрабаваў замарозіць банкаўскі рахунак Радыё Азатык.
«Мы асуджаем такія спробы скажаць праўду і зноў заклікаем кіргізстанскія ўлады гарантаваць, каб асобы, адказныя за пагрозы і спробы запалохаць журналістаў, зьвязаных з гэтай гісторыяй, былі прыцягнутыя да адказнасьці за свае дзеяньні», — дадаў ён.
У заяве OCCRP гаворыцца, што Служба бясьпекі Кіргізстану «засяродзілася на расьсьледаваньні справы аб забойстве ахвяры — аднаго з крыніц гэтай гісторыі — і на саміх журналістах».
«Агенцтва абапіралася на двух сьведак, адзін зь якіх сьцьвярджаў, што журналісты выкарысталі сфабрыкаваныя дакумэнты, а другі — што рэпартэр Радыё Свабода неналежна сябе паводзіў. Ніводнае з гэтых сьцьвярджэньняў не было падтрымана дакумэнтальнымі доказамі, абодва абвінавачаньні заснаваныя на чутках», — гаворыцца ў заяве OCCRP.
Расьсьледаваньне, праведзенае РСЕ / РС, OCCRP, атрымала прэстыжную прэмію імя Тома Рэнэра за 2019 год, заснаваную некамэрцыйнай арганізацыяй Investigative Reporters and Editors за найбольш выдатныя рэпартажы аб арганізаванай злачыннасьці.